На тыдні Мінск прымаў адразу некалькі афіцыйных дэлегацый з Афрыкі і краін Блізкага Усходу

3 сентября 2017

На гэтым тыдні Мінск прымаў адразу некалькі афіцыйных дэлегацый з Афрыкі і краін Блізкага Усходу - Сірыі, Судана і Егіпта. Зразумела, прыярытэт у перамовах - эканоміка. З кожнай з гэтых краін зараз прапрацоўваюцца канкрэтныя праекты ў самых розных сферах.

Нашы адносіны з афрыканскімі дзяржавамі апошні час прыкметна ажывіліся. Сапраўдным пераломным момантам стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Судан і Егіпет у пачатку года.

Праз гэтыя дзве краіны Беларусь адкрывае для сябе цэлы кантынент.

У гэты панядзелак у Палацы Незалежнасці прымалі міністра замежных спраў Егіпта - апорнага пункта для нас на ўсім афрыканскім мацерыку. Аляксандр Лукашэнка і Самех Шукры абмеркавалі пашырэнне супрацоўніцтва, у тым ліку выкананне пагадненняў, прынятых па выніках студзеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет.

Ад намераў да сумесных праектаў гатовая рухацца наша краіна і з Суданам. На тыдні Мінск наведаў спікер парламента гэтай краіны. Беларусь прапануе сумесна выпускаць шырокую лінейку тэхнікі. Акрамя таго, вялікія перспектывы і ў геолагаразведцы. Бо Судан багаты нафтай і золатам. Наша краіна гатовая дзяліцца з афрыканскімі партнёрамі ноу-хау ў розных сферах эканомікі - ад медыцыны да вытворчасці харчавання.

Беларуска-афрыканскае супрацоўніцтва курыруе Кіраўнік спраў Прэзідэнта. Віктар Шэйман распавёў Кіраўніку дзяржавы, наколькі эфектыўна і ў якім кірунку ідзе асваенне новых рынкаў.

І яшчэ адна сустрэча ў Палацы Незалежнасці, якую я б назвала неверагодна кранальнай. Разам з Міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры да Аляксандра Лукашэнкі прыйшлі дзеці. Кожны з іх бачыў вайну сваімі вачамі, адчуў на сабе боль, пакуты. І перажыў смерць бацькоў.

Наша краіна пастаралася зрабіць усё, каб гэтыя маленькія сірыйцы, усяго каля 80 чалавек, на ўсё жыццё запомнілі гэтыя мірныя канікулы. Госці адпачывалі ў лепшых аздараўленчых лагерах. Дзецям з Сірыі паказалі самыя знакавыя і чароўныя месцы нашай краіны, дзе яны змаглі загадаць свае самыя запаветныя жаданні. Пра адно з іх ведаў і Аляксандр Лукашэнка.

Шанц прыехаць у Беларусь будзе і ў іншых сірыйскіх дзяцей. Краіны дамовіліся распрацаваць цэлую праграму адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей з гэтай арабскай дзяржавы.