А.Лукашэнка: парламенцкае вымярэнне ў СНД і іншых інтэграцыйных структурах трэба ўзмацняць

15 октября 2017

Да пытанняў, якія гучалі на самітах СНД і Еўразійскага саюза ў Сочы. Гэтыя ж тэмы праз некалькі дзён абмяркоўваліся і ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. Пра ролю парламентарыяў Аляксандр Лукашэнка гаварыў са спікерам меджліса Азербайджана.

Прынцыповая пазіцыя беларускага боку: парламенцкае вымярэнне ў Садружнасці і іншых інтэграцыйных структурах трэба ўзмацняць, а таксама пазбаўляцца ад фармалізму. У цэлым ад Міжпарламенцкай асамблеі чакаюць большай актыўнасці і канкрэтных прапаноў, бо гэта важная пляцоўка для дыялогу.

Дэлегацыя дэпутатаў Азербайджана знаходзілася ў Беларусі з аўторка. Прайшлі перамовы ва ўрадзе і з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу. Госці наведалі прамысловыя прадпрыемствы. Пабывалі і на Мінскім трактарным заводзе.

Пра будучыню беларуска-азербайджанскіх адносін на тыдні Кіраўнік дзяржавы гаварыў і на сустрэчы з Міністрам абароны гэтай краіны, генерал-палкоўнікам Закірам Гасанавым. Размова пра двухбаковое супрацоўніцтве выйшла далёка за рамкі ваенна-тэхнічнай сферы. Пазіцыі краін шмат у чым супадаюць. Азербайджан - важны гандлёвы партнёр Беларусі ў Закаўказзі.

Рэгулярныя сустрэчы лідараў спрыяюць актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва. Сёлета ўдалося пераадолець негатыўную тэндэнцыю, калі ўзаемны тавараабарот зніжаўся. Па выніках васьмі месяцаў у агульнай скарбонцы ўжо амаль 100 мільёнаў долараў. Пазітыўны прыклад прамысловай кааперацыі - Гянджынскі аўтамабільны завод. Тут выпусцілі ўжо амаль 10 тысяч трактароў і каля 4 тысяч грузавікоў. Зараз у нас у краіне працуюць 58 кампаній-рэзідэнтаў з азербайджанскім капіталам. Беларусь у сваю чаргу мае ў гэтай краіне каля 70 прадстаўніцтваў.

Увогуле на тыдні сярод гасцей Палаца Незалежнасці было шмат вядомых людзей з Азербайджана. Сярод іх і вучоныя, чые навуковыя працы ляжаць у аснове вядучых галін эканамічнай навукі. І не толькі ў Закаўказзі. Доктар эканамічных навук, прафесар і акадэмік Зіяд Самедзадэ ўзначальвае камісію па эканамічнай палітыцы Мілі меджліса Азербайджана.