На тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонныя перамовы з венесуэльскім лідарам Нікаласам Мадура

27 января 2019

На фоне абвастрэння палітычнай сітуацыі ў Венесуэле Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонныя перамовы з венесуэльскім лідарам Нікаласам Мадура. Беларусь цалкам адданая і паслядоўна выступае за мірнае ўрэгуляванне ўнутранай сітуацыі ў гэтай лацінаамерыканскай дзяржаве выключна ў рамках прававога поля і канстытуцыі краіны.

Як развіваліся падзеі. Апазіцыйны лідар Хуан Гуайда падчас мітынгу супраць законнага прэзідэнта Венесуэлы 23 студзеня аб'явіў сябе часовым кіраўніком дзяржавы. У лічаныя хвіліны адкрытую падтрымку Гуайда выказалі ЗША, Канада, услед за імі і шэраг лацінаамерыканскіх саюзнікаў Вашынгтона. А таксама некалькі еўрапейскіх дзяржаў - Іспанія, Францыя, Германія.

Банк Англіі прыняў рашэнне не задавальняць просьбу Венесуэлы аб вяртанні ў краіну залатых зліткаў на суму больш за мільярд долараў. Гэта адбылося пасля просьбы афіцыйных асоб ЗША "дапамагчы адрэзаць доступ венесуэльскага рэжыму да замежных актываў". Вельмі багатай на нафту Венесуэле спрабуюць перакрыць вентыль?

За апошнія 20 гадоў спробы інспіраваных звонку дзяржаўных пераваротаў у Венесуэле прыкметна пачасціліся. Ім падвяргаўся і папулярны харызматычны лідар Уга Чавес. Вядома нават аб планах фізічнага ўхілення народнага лідара. Але ў 2013 годзе Чавес нечакана памёр ад рака. А летась некалькі дронаў з выбуховымі рэчывамі атакавалі прэзідэнта Мадура і членаў урада падчас парада.

Па патрабаванні афіцыйнага Каракаса Штаты адклікалі частку сваіх дыпламатаў. А ў сярэдзіне лютага ў Венесуэле пройдуць вучэнні па абароне меж ад магчымага ўварвання. Раней ЗША не выключылі магчымасці ваеннага ўмяшання ў справы суверэннай краіны. За Нікаласам Мадура - народ і армія, і ён згодзен на канструктыўнае міжнароднае пасрэдніцтва ва ўрэгуляванні сітуацыі.

Рашучую падтрымку законна абранай уладзе Венесуэлы выказалі Расія, Кітай, Турцыя, Мексіка. "Катэгарычна не падтрымліваем любое знешняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, у тым ліку, накіраванае на дэстабілізацыю становішча ў краіне", - заявіў і беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Венесуэла заўсёды можа разлічваць на падтрымку беларускага боку.

Тым часам у Нью-Ёрку прайшло пасяджэнне Савета Бяспекі ААН. Па выніках 5-гадзінных перамоў вялікіх зрухаў не адбылося. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ад імя Злучаных Штатаў заклікаў усе краіны свету "пачуць голас венесуэльскага народа" і прызнаць Хуана Гуайда легітымным часовым прэзідэнтам гэтай Баліварыянскай рэспублікі.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Венесуэлы асудзіў Вашынгтон за ўмяшанне ў жыццё краіны. Але чарада дзіўных фактаў прадоўжылася. Краіны Еўрасаюза высунулі ўльтыматум прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадура. Патрабаванне простае - на працягу васьмі дзён аб'явіць выбары ў краіне, інакш яны прызнаюць в. а. прэзідэнта Хуана Гуайда.