Масква і Кіеў пачалі год з узаемных санкцый

3 января 2016

Па-новаму ў новым годзе будуць супрацоўнічаць нашы найбліжэйшыя суседзі - Расія і Украіна. Хоць правільна будзе сказаць, што як раз супрацоўніцтва паміж імі і не будзе. Масква і Кіеў пачалі год з узаемных санкцый. Так, Украіна ўвяла эмбарга на ўвоз шэрагу расійскіх тавараў. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай напярэдадні пастанове Кабінета міністраў за подпісам прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка. З наступнай нядзелі - 10 студзеня - у краіну забароняць увозіць вырабленае ў Расіі мяса, алкагольныя напоі, цыгарэты і некаторыя іншыя таварныя пазіцыі. Усяго 43 пункты. Эмбарга будзе дзейнічаць да жніўня альбо да адмены ўведзеных раней расійскіх санкцый у дачыненні да Украіны. Афіцыйны Кіеў таксама прыпыніў дзеянне рэжыму "свабоднага гандлю". З 2 студзеня ўсе тавары расійскай вытворчасці, увезеныя ва Украіну, будуць абкладацца пошлінамі. Нагадаем, з новага года Расія ўвяла забарону на пастаўку шэрагу ўкраінскіх харчовых тавараў. У Маскве адзначылі, што гэта рашэнне было прынята пасля таго, як Украіна далучылася да антырасійскіх санкцый Еўрасаюза і ЗША.