Свет працягвае знаёміцца з Трампам

20 ноября 2016

Судзячы па стужках навін, увесь свет на гэтым тыдні працягваў знаёміцца з Трампам у новым статусе і задавацца пытаннем: "Ці не давядзецца зноўку знаёміцца і з самой Амерыкай?" На такім фоне кожны крок Барака Абамы - як галачка ў абыходным лісце. Прычым "абыходны ліст" - гэта і пра візіт у Еўропу (гавораць, Абама паехаў у Стары Свет як гарачкапаніжальнае для многіх сваіх калег, якія ачуньваюць пасля выбараў ЗША). Ды і ў цэлым развітальнае сусветнае турнэ некаторыя завуць "спробай вымераць тэмпературу па планеце". Нарэшце, "абыходны ліст" - гэта дыягназ, які самі амерыканцы ставяць галоўнаму стварэнню папярэдняга прэзідэнта - сістэме медстрахавання "Абамакеа". Вось адказы на ўсе гэтыя пытанні і складуць багаж, з якім сыходзіць Абама, і дадуць зразумець, будзе гэта трамплін або баласт для Трампа.

Дарэчы, Дональду Трампу, як піша газета The New York Times, забароняць выкарыстоўваць смартфон пасля інаўгурацыі. Абраны прэзідэнт Злучаных Штатаў ужо выказаў незадаволенасць у сувязі з падобнымі абмежаваннямі, адзначыўшы, што без асабістага тэлефона не зможа кантактаваць са сваімі сябрамі. А яшчэ мільярдэр зараз абмяркоўвае з супрацоўнікамі сакрэтнай службы ЗША магчымасць заставацца на выхадныя ў сваім небаскробе "Трамп Таўэр" у Нью-Ёрку. А таксама дамагаецца дазволу на час водпуску з'язджаць на курорты, якія яму належаць.

Пры гэтым амаль паўмільёна амерыканцаў падпісалі петыцыю з патрабаваннем змяніць сістэму галасавання ў краіне ў цэлым. Калегія выбаршчыкаў была бескарыснай, гаворыцца ў тэксце дакумента. Кандыдатаў абіраюць толькі дзве асноўныя палітычныя партыі - гэта рэспубліканцы і дэмакраты, і сістэма пазбаўляе правоў на перамогу ўсіх астатніх кандыдатаў. Так, па выніках апошніх прэзідэнцкіх выбараў рэспубліканец Дональд Трамп атрымаў большасць галасоў прадстаўнікоў штатаў, а дэмакрат Хілары Клінтан апынулася лідарам у ліку аддадзеных за яе галасоў выбаршчыкаў у цэлым.

Дарэчы, у гэты чацвер на сустрэчы беларускага лідара з расійскімі журналістамі гаварылі і пра амерыканскія выбары, і пра новага прэзідэнта. Вось, у прыватнасці, што сказаў з гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка: "Зараз усе непакояцца: не той чалавек прыйшоў у ЗША. Ды нармальны прыйшоў чалавек. Той. І яшчэ якая будзе праамерыканская палітыка, вы нават уявіць сабе не можаце, таму я проста раю вам спыніць гэты ажыятаж у СМІ. Гэта яшчэ той жорсткі праамерыканскі грамадзянін, які будзе бачыць Амерыку першым чынам. І мы павінны падумаць яшчэ, дзе наша будзе месца ў сілу гэтай палітыкі".