Мінск і Тэгеран. Новы віток гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва

22 Лютага 2015

Іран з афіцыйным візітам мае намер наведаць Прэзідэнт Беларусі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірана Махамадам Джавадам Зарыфам.

Іран - адна з апорных дзяржаў нашай краіны ў ісламскім свеце. Дыпламатычным адносінам больш як 20 гадоў. І калі палітычнае сяброўства за гэтыя гады толькі мацнела, то эканамічны вектар перажываў розныя перыяды. У 2013 годзе Іран трапляе пад міжнародныя санкцыі. Шматлікія сумесныя праекты прыйшлося замарозіць, а тавараабарот упаў у некалькі разоў. Сёння ён складае ледзь больш як 100 мільёнаў долараў.

Разам з тым, у Беларусі рэалізуецца шэраг сумесных з Іранам праектаў, і, дарэчы, самы вялікі ў нашай краіне лагістычны цэнтр пабудаваны з дапамогай інвестыцый з гэтай краіны. Так супала, што на бягучым тыдні Іран адзначае гадавіну Ісламскай рэвалюцыі. Нацыянальнае свята сумясцілі з адкрыццём новага будынка пасольства Ірана ў Мінску.