Названыя ў гонар Мінска

10 сентября 2017

Што ж, Мінск ужо даўно асацыюецца з гасціннасцю і сардэчным прыёмам.

Але ёсць яшчэ вялізная колькасць вядомых рэчаў і не толькі, названых у гонар галоўнага горада краіны. Ну, вось адразу можам узгадаць халадзільнік, матацыкл, марку цыгарэт, футбольны клуб.

А яшчэ мала хто ведае, што "Мінск 3012" - гэта і астэроід, выяўлены ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Што цікава, яго дыяметр амаль супадае з рэальным дыяметрам горада. Курсіруе астэроід паміж арбітамі Марса і Юпітэра, так што для зямлянаў небяспекі не нясе.

А вось калі вы сутыкнецеся з яшчэ адным "Мінскам", раю асцерагацца за свой слых. Амерыканская дум-пост-метал-група, названая ў гонар сталіцы Беларусі, мае ну вельмі моцны гук.

Так, можна ўявіць. А вось неяк ціха са сваім "Мінскам" растаўся Чарнаморскі флот. Цяжкі крэйсер-авіяносьбіт два дзесяцігоддзі аддана адслужыў у водах сусветнага акіяна, а ў выніку ў аварыйным стане быў прададзены з таргоў за бесцань у пачатку 90-х. Усяго за чатыры з паловай мільёны долараў. Хоць толькі каляровых металаў у ім было на суму ўдвая большую. Да мінулага года крэйсер быў цэнтрам экспазіцыі ў Кітайскім ваенным тэматычным парку Minsk World, а зараз яго чакае рэйс у новы порт прапіскі ў аналагічным парку Наньтуна.