22 марта 2015

Спачатку "заззяла", а потым "зацямніла". Адразу дзве гульні святлом, прафесійна "зрэжысаваныя" прыродай, на гэтым тыдні назіралі беларусы. Позна вечарам 17 сакавіка неба рознымі колерамі размалявала паўночнае ззянне - буянства фарбаў, нехарактэрнае для нашых шырыняў, аказалася вынікам вельмі моцнай магнітнай буры. А ў дзень вясновага раўнадзенства зямляне захапляліся ўжо сонечным зацьменнем: такое супадзенне, гавораць, здаралася толькі каля дзясятка разоў за ўсю гісторыю чалавецтва.

Ліст ад Янкі Купалы. На тыдні ў Мінску прэзентавалі "беларускага" канкурэнта Times new roman і Arial. Новы шрыфт пад назвай "ПЯСНЯР" стварылі на базе почырку Янкі Купалы, прааналізаваўшы дзясяткі рукапісаў вялікага класіка.

Ужо сёння "песняра" можна бясплатна знайсці ў Інтэрнэце і адважна пісаць лісты почыркам Купалы.

Свой 330 дзень нараджэння ён адсвяткаваў у мінскай падземцы. Напярэдадні роўна гадзіну ў пераходах сталічнага метро гучаў Іяган Себасцьян Бах. Музычнымі ў гонар юбілею вялікага кампазітара сталі адразу дзесяць станцый

Выконвалі творы легендарнага музыканта салісты філармоніі і студэнты акадэміі музыкі. І калі грошай ад гледачоў не бралі прынцыпова, то ад апладысментаў і кветак усё ж не адмаўляліся.

Паклікалі вясну, а, заадно і экспертаў Кнігі рэкордаў Гінеса. Пад Мінскам напярэдадні падчас традыцыйнага абраду "Гуканне вясны" не толькі палілі чучала зімы, але і выпякалі прэтэндэнта на самы вялікі ў свеце дранік. На падрыхтоўку бульбянога бліна дыяметрам два метры пайшло 30 кілаграмаў бульбы, больш чым паўсотні яйкаў і па пяць кілаграмаў смятаны і мукі.