Марафон добрых спраў

1 января 2017

Калі чужая мара становіцца ўласнай. А яе ўвасабленне дорыць надзею і акрыляе. Гэтымі святочнымі днямі палітыкі, бізнесмены і проста неабыякавыя людзі сталі чараўнікамі для тысяч юных беларусаў. Марафон добрых спраў, або Акцыя "Нашы дзеці".

Расказвае Ілона Красуцкая. Калі табе ўсяго 5 альбо ты толькі пераступіў парог сярэдняй школы, самы час загадваць простыя жаданні: ласункі, лялькі, канструктары пад ёлкай. І нават яны (асабліва, калі дом - поўная чаша і побач родныя) прымаюцца як належнае. Але для кагосьці звычайны сцэнарый - самая запаветная мара. Мара тых, хто пазбаўлены ідыліі. Вельмі хутка становішся  дарослым, калі з нараджэння цябе ў прамым сэнсе не носяць на руках. Забыцца пра зусім недзіцячыя роздумы тым, хто па розных прычынах не зможа сустрэць святы разам з сям'ёй, дапамагае марафон добрых сэрцаў. Гэта другая неафіцыйная назва акцыі "Нашы дзеці".

За два дзесяцігоддзі дабрачыннага марафону тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак паверылі ў навагодні цуд. Іх жаданні здзейсніліся, але не па загадзе чароўнай палачкі, а па клічы сэрцаў. Многія сталі  дарослымі і самі прадоўжылі добрую місію. А людзі з тэлевізара, якія іх своечасова падтрымалі, - палітыкі, бізнесмены - сталі прыкладам і дапамаглі выбраць правільную пуцёўку ў жыццё.

Пытанні выхавання дзяцей у Беларусі Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі. Кіраўнік дзяржавы ніколі не заставаўся ўбаку ад праблеммаладога пакалення. І нягледзячы на асабліва шчыльны графік у апошнія тыдні адыходзячага года, час для дзяцей, якія засталіся без бацькоў, знаходзіць заўсёды. Кульмінацыя акцыі "Нашы дзеці" - Галоўная навагодняя ёлка краіны - яшчэ ні разу не абыходзілася без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, бо з'яўлення на сцэне Прэзідэнта дзятва чакае, бадай, больш, чым галоўных казачных персанажаў. 

 

Дарыць увагу і клопат - гэта ўжо традыцыя сям'і Лукашэнка. У гэтым доме няма сваіх і чужых. Гэта зазначыў і памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Са сваёй вялікай сям'ёй Віктар Лукашэнка прыехаў у аграгарадок Гарадзец Шклоўскага раёна. Для хлопчыкаў і дзяўчынак ласункі, любімыя гульні, іх бацькам у падарунак бытавая тэхніка. А пасля чаяванне ў святочнай і адначасова сямейнай атмасферы.

 

Віктар Лукашэнка, памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы:

"Мы заўсёды з задавальненнем прыязджаем у такія сем'і. Для нашай сям'і гэта ўжо стала такой  добрай традыцыяй. Усе нашы дзеткі гэтае мерапрыемства любяць. Усе з задавальненнем заўсёды прыязджаюць. Самы маленькі яшчэ трошкі саромеецца, але тым не менш для нашай сям'і гэта вялікая падзея. Вельмі важна, што гэтыя мерапрыемствы праходзяць, вельмі важна нам, дарослым, клапаціцца аб дзецях. Гэта ж наша будучыня".

У жодзінскім прытулку нешматлюдна. На свяце толькі 14 дзяцей. Вось ужо пяць гадоў тут працуе рэабілітацыйная праграма. Хлопчыкаў і дзяўчынак у цяжкай жыццёвай сітуацыі з сем'яў не забіраюць, а аказваюць дапамогу і ім, і іх бацькам. Таму яшчэ 15 выхаванцаў цэнтра свае навагоднія падарункі атрымаюць дома. Але для ўсіх ёсць і агульны падарунак ад старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Дзмітрый Лукашэнка са сваёй сям'ёй не спяшаўся  з'язджаць. Было відаць: імкнуліся пакінуць тут пабольш увагі і клопату. Бо дзеці як ніхто іншы адчуваюць і гэтую непадробную цікавасць.

Тое, што цуды здараюцца, калі ў іх вельмі верыць, ведаюць і  выхаванцы Улукаўскай  дапаможнай школы-інтэрната. Павіншаваць з надыходзячымі святамі іх прыехаў і Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Душэўныя размовы, усмешкі. Здзейснілася і доўгачаканая мара пакалення next. У якасці падарунка ад кіраўніка галоўнага медыяхолдынга краіны  камп’ютары.

 

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Гэтыя дзеткі  радыя  простай увазе. Яны ўпэўненыя ў тым, што іх не кінуць, што яны патрэбныя, што іх любяць. І гэта самае галоўнае. Гэта вялікае шчасце. І, вядома, той педкалектыў, які тут працуе, - гэта людзі, якім трэба нізка пакланіцца. А напярэдадні свята вельмі хочацца, каб усе мары гэтых дзетак спраўджваліся. І педагогаў таксама, таму што гэтыя людзі служаць вялікай справе".

 

Асаблівую цеплыню нашым дзецям дораць не толькі перад навагоднімі святамі, але і перад стартам навучальнага года. Гэта і пастаянная традыцыйнай акцыя "Збяром партфель першакласніка", калі ўся краіна рыхтуе да школы хлопчыкаў і дзяўчынак са шматдзетных сем'яў і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі.

 

Павышаная ўвага неабходная не толькі юным беларусам. Маюць патрэбу ў клопаце і людзі сталага ўзросту. Патэлефанаваць,  праведаць - словам, даць зразумець, што мы памятаем, мы не абыякавыя.

Натхняльныя словы такія важныя для пастаяльцаў Нікалаеўшчынскага  дома-інтэрната. Пенсіянеры, інваліды, круглыя сіроты - тры сотні няпростых лёсаў. Многія перажылі вайну і канцлагеры, хтосьці паспеў пахаваць дзяцей. Прыезд Кіраўніка дзяржавы за дзень да 2017-га зрабіў надыходзячы Новы год асаблівым.

Вось ужо 37 гадоў для многіх з іх гэты дом  як родны. Сярод жыхароў дома-інтэрната людзі розных прафесій. Хтосьці ў мінулым будаваў атамную станцыю, хтосьці быў лётчыкам, хтосьці бухгалтарам. Тут амаль усе ўжо адзінокія, многія прыкаваныя да  ложка - без дапамогі дзяржавы гэтым людзям прыйшлося б надзвычай цяжка.

У доме-інтэрнаце даступная і паслуга "Сацыяльная  перадышка". Напрыклад, калі трэба зрабіць рамонт або паехаць у водпуск, пажылых сваякоў можна аформіць ва ўстанову на платнай аснове  на тэрмін ад месяца да паўгода.

На стале ўсё самае смачнае. І толькі для іх па спецзаказе навагодні торт ад асабістага кухара Прэзідэнта. А кааб аб гэтай цёплай і душэўнай сустрэчы застаўся ўспамін, на памяць цёплыя пледы.

Ужо пасля віншаванняў і цёплай  размовы рэпарцёры задалі Кіраўніку дзяржавы некалькі пытанняў. У гэтых імправізаваных зносінах прагучалі першыя вынікі года, якія падвёў беларускі лідар.

Безумоўна, звярнулі ўвагу журналісты і на сур'ёзныя кадравыя перастаноўкі. У снежні адразу тры блокі ключавых прызначэнняў. Новыя міністры адукацыі, працы і сацыяльнай абароны. Экс-віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, якая займалася ва ўрадзе менавіта сацыяльнымі пытаннямі, узначаліла Адміністрацыю Прэзідэнта. А на яе месца ў Саўміне прызначаны дасведчаны Васіль Жарко, на пасадзе міністра ён пратрымаўся даўжэй за астатніх - 10 гадоў.

У рэспубліканскай акцыі ёсць і скарочаная назва. Проста "Нашы". Нашы дзеці. Нашы старыя. З кожным годам да марафону дабра далучаецца ўсё больш неабыякавых. Бо зрабіць так, каб на твары дзіцяці або пажылога чалавека заззяла ўсмешка, не так ужо і складана. Проста падарыце яму цяпло і клопат.