Людзі мерзнуць на рабочых месцах, на прадпрыемствах парушаецца цеплавы рэжым

9 декабря 2018

16 з плюсам - у зборачных цэхах, і 20 - у офісах. Гэта мінімальная планка, якая павінна вытрымлівацца на прадпрыемствах у абагравальны сезон. Аднак далёка не на ўсіх заводах краіны могуць пахваліцца такім цеплавым рэжымам. 

Людзі папросту мерзнуць. Адпаведна, зніжаецца прадукцыйнасць працы, прыбытак прадпрыемства і прыбыткі саміх працаўнікоў. Шматлікія кіраўнікі гэта выдатна разумеюць, але ў той жа час не спяшаюцца ўцяпліць сваіх жа спецыялістаў адпаведным спецадзеннем і ўладкаваць хоць бы невялікі пакой для абагравання. 

Выправіць сітуацыю і хоць неяк націснуць на адміністрацыю такіх прадпрыемстваў нацэленыя маніторынгі прафсаюзаў. Пра халодную праблему - матэрыял Аляксандра Хараўца. 

Сагрэцца можна толькі ў спяцоўцы, шапцы, пальчатках і, вядома ж, максімальна актыўнай працай. Вось у такіх умовах прыходзіцца працаваць спецыялістам на Мінскім станкабудаўнічым заводзе. Георгій Власевіч у гэтым цэху правёў амаль паўстагоддзя. Памятае, як у 90-х узімку грэліся, распальваючы старую мэблю ў смеццевых баках. Сёння на прадпрыемстве сітуацыя ў разы лепш. Аднак нязменным застаецца адно: хочаш, каб было цёпла, - апранайся, як капуста.

Яшчэ сагрэцца можна добрым пачуццём гумару, заўважае Іван Уласік. За 110-гадовую гісторыю прадпрыемства пра былую славу, якая грукатала па ўсім Саюзе, сёння ўспамінаюць толькі з настальгіяй. 

Зрэшты, гэта толькі ягадкі, запэўнівае прафкам завода і вядзе нашу здымачную групу ў наступны цэх. 

Цэх механаапрацоўкі самі работнікі прадпрыемства скарочана называюць тры С. Самы вялікі, самы халодны - узімку тэмпература тут ледзь перавышае 10 градусаў. І самы мокры - пасля дажджу з даху капае вада і ўтварае на падлозе вялізныя лужыны. 

Каб хоць неяк у маразы завадчане маглі сагрэцца - абсталявалі цёплую бытоўку. Праўда яна, паводле слоў прафкома, вялікай папулярнасцю не карыстаецца.

Халодную праблему кіраўніцтва прадпрыемства хоць неяк спрабуе зрабіць цяплейшай. Вокны абаранілі поліэтыленавай плёнкай. Вось толькі арганізаваць камфортныя рабочыя месцы для чатырох сотняў супрацоўнікаў аднамаментна не атрымліваецца. Тым больш, калі на дно цягнуць даўгі. 

Але ад чарговых просьбаў кіраўніцтва яшчэ трохі пацярпець, працаўнікі толькі больш раздражняюцца. Да рашэння праблемы далучыліся прафсаюзы. 

Мікалай Кавалеўскі, галоўны тэхнічны інспектар работы прафсаюза "Белпрафмаш": "Калі нельга эканамічна вытрымаць нарматыўную тэмпературу ў цэхах, то лічыць такія ўмовы як небяспечныя і шкодныя, а калі прызнаецца, што такія ўмовы ёсць, ажыццяўляць выплаты працаўнікам, каб кампенсаваць такія шкодныя ўмовы працы". 

Не першы год мараць пра цёплыя рабочыя месцы і на ваўкавыскім прадпрыемстве па выпуску камплектуючых для трубаправодаў. Нягледзячы на тое, што некалькі гадоў назад сюды прыйшоў замежны інвестар і паабяцаў наладзіць сучасную вытворчасць, правесці мадэрнізацыю - прадпрыемства працуе са стратамі. Вытворчыя і адміністрацыйны будынкі не ацяпляюцца. У памяшканнях працякае дах. Рабочым прыходзіцца працаваць на станках, на якія цячэ вада. Частка абсталявання не прайшла неабходную праверку і на ім фактычна працаваць забаронена. 

Кіраўніцтва прадпрыемства прызнае гэтыя праблемы, але зрабіць нічога не можа. Гавораць, проста няма грошай. Абяцанае інвестарам фінансаванне пакуль не паступае. Рэалізоўваць прадукцыю з кожным годам становіцца складаней. Што адбіваецца на выплаце зарплат рабочым. 

Хто сказаў, што ў лесе халодна зімой? Ужо гэтыя лесасекі сапраўды маразоў не баяцца. І справа не толькі ў тым, што яны амаль заўсёды рухаюцца. Брыгады абсталяваныя спецвопраткай і тэрмабялізнай. Больш за тое, побач з пасекай заўсёды знаходзіцца перасоўны вагончык. У любы момант чалавек можа зайсці абагрэцца і выпіць гарбаты. 

Часам, для таго, каб абагрэць рабочых, шмат намаганняў не трэба. Аб гэтым гавораць і тэхнічныя інспектары прафсаюзаў. І ўсё ж летась з амаль пяці тысяч правераных прадпрыемстваў - у кожным трэцім парушэнне. У топе - адсутнасць у супрацоўнікаў уцепленага спецадзення і абутку, няма дадатковых перапынкаў і элементарных памяшканняў не толькі для абагравання, але і для прыёму ежы.

Пасля праверак сітуацыя паступова змяняецца, адзначаюць інспектары. Але ў гэтым халодным сезоне маніторынгі працягваюцца. Паведаміць пра парушэнні могуць і самі працаўнікі. Для гэтага ў Федэрацыі прафсаюзаў адкрыта гарачая лінія.