Лагістыка "Вялікага каменя"

14 мая 2017

І яшчэ адзін момант, які характарызуе важную ролю нашай краіны на маршруце новага Шаўковага шляху. Размова пра індустрыяльны парк "Вялікі камень". На тыдні тут здалі пад ключ гандлёва-лагістычны комплекс, бізнес-цэнтр і складскія памяшканні. Плошча 30 гектараў. Укладзена 260 мільёнаў долараў. Пабудавалі за год.

Урачыстую цырымонію правялі 12 мая. Роўна два гады таму ў гэты дзень парк наведалі Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін. Тады будучы аб'ект быў толькі на макеце. Сёння ж набывае рэальныя абрысы. Вялікая будоўля вядзецца сумеснымі сіламі. Матэрыялы пераважна нашы, архітэктурныя рашэнні - з Кітая, мабыць для надання асаблівага каларыту будынкам.

Зараз у "Вялікім камені" дабудоўваюць офісны будынак. І пачынаюць праектаваць пажарнае дэпо, паліклініку і жылыя дамы. Для зручнасці работнікаў пусцілі і рэйсавы аўтобус. Вялізныя планы і па пашырэнні спісу інвестараў - да канца года да 20 кампаній. Сёння ў парку зарэгістравана 8 рэзідэнтаў.