Легендарны танк Т-34 будзе задаваць тэмп механізаванай калоне на парадзе 3 Ліпеня

26 мая 2019

Нікуды без самай яркай часткі мерапрыемства - парада ваеннай тэхнікі. Ужо вядома, што будзе задзейнічана каля 300 адзінак, большасць з іх стаіць на ўзбраенні ў Беларусі. Некаторыя з узораў будуць паказаныя ўпершыню. У найбліжэйшыя дні мы пакажам і гэтую рэпетыцыю. Па традыцыі ўзначаліць механізаваную калону адзін з галоўных сімвалаў Перамогі - легендарны танк Т-34. Менавіта гэтая машына першай уварвалася ў захоплены Мінск. Гісторыя танка і яго экіпажа ў рэпартажы Уладзіміра Каралёва

Страявы пляц ваеннай камендатуры ва Уруччы - адно з нямногіх месцаў у Мінску, дзе можна схаваць ад цікаўных вачэй усе пешыя разлікі для чаканкі кроку. Сёлета іх будзе 25, агульнай колькасцю каля 4 000 вайскоўцаў. 

Прымусіць тысячы вайскоўцаў з розных краін свету маршыраваць у нагу ў цэнтры Мінска - задача не з лёгкіх. У гэтым вайскоўцам дапамагае аркестр, які дакладна адбівае такт. А вось на парадзе ваеннай тэхнікі задаваць тэмп усёй механізаванай калоне будзе самы даўні экспанат - легендарны танк Т-34.  

Т-34 - савецкі сярэдні танк перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Быў распрацаваны Міхаілам Кошкіным - начальнікам канструктарскага бюро Харкаўскага паравозабудаўнічага завода. Прыняты на ўзбраенне за паўгода да смерці свайго стваральніка - у сакавіку 40-га. Усяго выпушчана больш  за 35 000 машын. Т-34 удзельнічаў у баях з самага пачатку Вялікай Айчыннай. Першапачаткова новы танк пераўзыходзіў усю нямецкую бранятэхніку. Сітуацыя змянілася ў 43-м, калі на фронце з'явіліся "Тыгры" і "Пантэры". З 44-га ў бой уступілі абноўленыя машыны Т-34-85 з палепшанай гарматай - 85 мм замест 76. Танк атрымаў новую вежу з узмоцненым браніраваннем. 

Менавіта такі танк першым увайшоў у захоплены Мінск. 2 ліпеня 44-га ўзвод Дзмітрыя Фролікава быў адпраўлены на разведку. 

Здзейсніўшы амаль 60-кіламетровы кідок, танкісты выйшлі да сталіцы. Пасля быў аддадзены загад штурмаваць Мінск. А на наступны дзень гэты ж танк першым уварваўся ў горад. Гэта дакладна адноўленая размалёўка першай вызваленчай машыны. 

Дзяніс Зяваліч, начальнік лабараторыі кафедры ўладкавання і эксплуатацыі бранятанкавага ўзбраення Ваеннай акадэміі Беларусі: "Надпіс "Червонный" азначае, што сам камандзір танка Фролікаў  быў заўзяты гулец у карты. Яму далі такую мянушку ад масці карты - чырва. Ён і напісаў сабе “Червонный”. Яго так і пазнавалі ўсе калегі. Літара Л - тактычнае пазначэнне камандзіра брыгады, якая вызваляла Мінск, палкоўніка Лосікава. Страла - тактычнае пазначэнне брыгады, а 145 - вежавы нумар танка".

Да Перамогі танкіст не дажыў, загінуў у лютым 45-га. Не перажыла вайны і яго баявая машына. Таму насіць імя Чырвонны ўдастоіўся іншы танк-франтавік. Машына была сабраная з некалькіх экзэмпляраў, прайшла мадэрнізацыю на 140-м рамонтным заводзе і была падрыхтаваная спецыяльна для парада. 

Экіпаж параднага танка - два чалавекі, у баявой машыне было пяць. Тут адноўлены  рухавік, адрамантаваная падвеска. Усталяваная пяціхуткасная каробка перадач, але звычайна механік-вадзіцель карыстаецца толькі дзвюма. Як у сучасных танках, усталяваная сістэма запуску рухавіка паветрам і нават сістэма падагравання, каб машына заводзілася ўзімку. Ужо трэці год запар Т-34 на парадзе павядзе Дзмітрый Сцефановіч - ён задае тэмп усёй механізаванай калоне.

Вежа захоўвае ў сабе сляды ад асколкаў снарадаў і фаўстпатронаў. Але, нягледзячы на болі 40-х, машына ў страі і спраўна з года ў год узначальвае механізаваную калону на парадзе Дня Незалежнасці.