Крывавым падзеям на Майдане споўнілася 5 гадоў

24 февраля 2019

Ва Украіне на тыдні адзначылі сумную дату - крывавым падзеям на Майдане споўнілася 5 гадоў. 18 лютага 2014 года ў цэнтры Кіева пралілася першая кроў. Паводле афіцыйнай версіі, агонь адкрылі невядомыя снайперы, правакуючы яшчэ больш жорсткія сутыкненні. Да таго моманту пратэсты супраць рашэння ўрада Украіны прыпыніць уступленне краіны ў Еўрапейскі саюз ішлі ўжо амаль 3 месяцы. За імкненне жыць па-новаму, па-еўрапейску ўкраінцам прыйшлося заплаціць страшную цану - гэта і тысячы загінуўшых на ўсходзе, і сто з лішнім чалавек - маніфестантаў і праваахоўнікаў, забітых у цэнтры Кіева ў разгар пратэстаў.

У 2013 людзям абяцалі шмат - гэта і годныя зарплаты, і рост інвестыцый, і бязвізавы рэжым з ЕС. Але чаго ўдалося дабіцца ў рэальнасці? Зараз адна з галоўных пагроз для Украіны - гэта каласальны адток працаздольнага і адукаванага насельніцтва. Паводле звестак ААН, краіна знаходзіцца на 8 месцы ў свеце сярод дзяржаў з найбольшай колькасцю знешніх мігрантаў. Паток тых, хто едзе працаваць у іншыя краіны, вырас пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕС. Згодна з прагнозамі, пры такіх тэмпах (каля ста тысяч чалавек за месяц) праз 30 гадоў з Украіны з'едзе кожны пяты жыхар. Нацыянальная эканоміка за 5 гадоў упэўнена легла на дно. ВУП упаў на 40 % - з 183 мільярдаў долараў да 113 мільярдаў. Пры гэтым сярэдняя зарплата скарацілася ўдвая.

Галоўныя выдаткі ва ўкраінцаў - гэта аплата паслуг ЖКГ, якія сёння ў тры разы большыя, чым да Майдана. З 1 лістапада мінулага года ўрад павялічыў кошт газу для насельніцтва на 23,5 %. Як гавораць эксперты па пытаннях энергетыкі, такія заявы - толькі палітычны ход, бо з 2013 года тарыфы на газ выраслі на 1000 %, а тарыфы на ацяпленне - на 1100 %. Пры гэтым у шэрагу ўкраінскіх гарадоў цяпла ў дамах няма наогул.

Яшчэ адной праблемай Украіны застаецца эпідэмія карупцыі, супраць якой ішлі на Майдан і змагаліся. Згодна з падлікамі нямецкага выдання Süddeutsche Zeitung, толькі ад адной мытні ўкраінская казна за год недалічваецца звыш 4 мільярдаў еўра, што перавышае дзясятую долю ўсіх дзярждаходаў. Гучны лозунг Майдана "Украіна - цэ Еўропа!" гучыць сёння ў суседняй дзяржаве ўсё больш ціха і няўпэўнена.

Зрэшты, гэта не перашкодзіла Украіне замацаваць курс на ўступленне ў НАТА і Еўрасаюз. Адпаведны закон аб змяненнях у канстытуцыю ўступіў у сілу ў мінулы чацвер. Паводле сацапытання, праведзенага Цэнтрам "Новая Еўропа", крыху менш як 18 % украінцаў лічаць курс на інтэграцыю з ЕС прынцыпова важным.