Дональд Трамп збіраецца ліквідаваць green card. Гучную заяву прэзідэнт ЗША зрабіў пасля тэракта ў Нью-Ёрку, бо манхэтэнскі тэрарыст Сайдула Саіпаў эмігрыраваў з Узбекістана ў ЗША дзякуючы латарэі. Таксама Трамп даручыў сілавікам пачаць рэалізацыю надзвычайнай праграмы праверкі бежанцаў.
Напярэдадні Дня ўсіх святых Сайдула Саіпаў збіў 8 пешаходаў у цэнтры Нью-Ёрка. На допыце радыкал, што натхняўся ідэямі "Ісламскай дзяржавы", прызнаўся, што планаваў даехаць да Бруклінскага моста. У сваім Twitter прэзідэнт ЗША запатрабаваў прыгаварыць экстрэміста да вышэйшай меры пакарання. Ці з'яўляецца гэта націскам на суд, праваабарончыя інстытуты не паведамляюць.
Эксперты, дарэчы, адзначаюць, што часцей за ўсё ад дзеянняў ісламістаў пакутуюць самі мусульмане. Прыклад - сённяшні тэракт у лагеры бежанцаў у сірыйскім Дэйр-эз-Зоры. Ахвярамі смяротніка сталі больш за 100 чалавек.
Крызіс бяспекі, мабыць, галоўная сусветная тэма тыдня. Адразу два гучныя забойствы адбыліся ва Украіне. У панядзелак у Кіеўскай вобласці быў абстраляны аўтамабіль Адама Асмаева - гэта камандзір чачэнскага добраахвотніцкага батальёна, які прымаў удзел у канфлікце на Данбасе. Асмаеў атрымаў раненні. Яго жонка Аміна Акуева загінула.
У пятніцу з Паўночнаданецка прыйшлі паведамленні аб забойстве кіраўніка мясцовай фракцыі Пятра Парашэнкі Сяргея Самарскага. Цела дэпутата было выяўлена недалёка ад яго кватэры. Следства мяркуе, што Самарскага забілі ўдарамі цэглы па галаве. Выканаўцы і заказчыкі абодвух забойстваў не знойдзены. Нагадаем, на мінулым тыдні ўся Украіна абмяркоўвала гучны замах на дэпутата-нацыяналіста Ігара Масійчука. У гэтай справе следства таксама пакуль не прасунулася.
Усе гэтыя здарэнні адбыліся на фоне чарговага абвастрэння адносін Кіева з Варшавай. Кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі зноў узняў тэму гераізацыі байцоў УПА ва Украіне. Дыпламат заявіў, што Польшча рыхтуе чорныя спісы ўкраінскіх палітыкаў, якія падтрымліваюць дзеянні нацыяналістычны фарміраванняў сярэдзіны мінулага стагоддзя. Варшава мае намер забараніць фігурантам спісаў уезд на тэрыторыю Польшчы.
Гістарычныя пытанні даўно застаюцца каменем спатыкнення ў польска-ўкраінскіх адносінах. Варшава чакае прабачэнняў за ўчыненую бандэраўцамі ў 40-х гадах Валынскую разню. Яе ахвярамі сталі дзясяткі тысяч палякаў. Украінцы ж нярэдка ўспамінаюць пра этнічныя чысткі, якія ўчынялі на іх тэрыторыях байцы польскай Арміі Краёвай.
Па-свойму пытанне гістарычнай справядлівасці вырашылі ў Латвіі. Сейм былой савецкай рэспублікі прыняў папраўкі, якія ўраўноўваюць у статусе ветэранаў Чырвонай арміі і былых байцоў вермахта. Пасля ўступлення закона ў сілу латышы, якія ваявалі на баку гітлераўцаў, змогуць разлічваць на сацыяльныя льготы.
Усё ідзе да таго, што ў якой-небудзь еўрапейскай краіне ўсё ж з'явіцца помнік Гітлеру.













