Зімовыя Алімпійскія гульні, якія завяршыліся 25 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, саступаюць месца спаборніцтвам, якія для нашай краіны адыгрываюць вельмі важную ролю. Менавіта ў Беларусі ў чэрвені будучага года адбудуцца II Еўрапейскія гульні, а гэтая найбліжэйшая мультыспартыўная падзея, ужо за ёй Алімпіяда ў Токіа.
І як раз на беларускіх арэнах будуць разыграныя алімпійскія ліцэнзіі ў шматлікіх відах спорту. Адзначым, што еўрапейскія спартсмены на Алімпіядах заўсёды ў топе. Напрыклад, на летніх Гульнях у Рыа выхадцы з гэтага кантынента ўзялі 50 % узнагарод, на зімовых у Пхёнчхане - цэлых 70.
На працягу некалькіх дзён у Мінску праходзіў візіт каардынацыйнай камісіі Еўраалімпійскіх камітэтаў, які пачаўся на самым высокім узроўні. Кіраўнік ЕАК Янез Канчыянчыч сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі. Шэраг рабочых сустрэч адбыўся і ў НАК нашай краіны, дзе абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння з урадам, гатоўнасці аб'ектаў, IT-тэхналогій, білетнай праграмы і шматлікае іншае.
Госці нашай сталіцы адзначаюць, што нам па сілах пазмагацца за месца ў топ-5 агульнага заліку на Еўрапейскіх гульнях. Завяршыўся візіт камісіі сустрэчай Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і кіраўніка ЕАК Янеза Канчыянчыча.
Акрамя таго, у дні візіту членаў каардынацыйнай камісіі ЕАК заключана дамова з білетным аператарам, вызначана білетная праграма на Еўрагульні, таксама вырашаны іншыя маркетынгавыя пытанні.
У канцы месяца, як чакаецца, у Мінск прыедуць каля 25 дэлегацый Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. І гэта толькі пачатак ключавога этапу падрыхтоўкі да падзеі нацыянальнага маштабу.













