Канструктыўны дыялог

13 марта 2016

На тыдні Мінск наведаў высокі госць з Еўрасаюза. Стаўрас Ламбрынідыс - спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека. У мінулым ён быў віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента і міністрам замежных спраў Грэцыі. На перамовах з еўрачыноўнікам Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь выступае за пастаянны дыялог з Еўрапейскім Саюзам у галіне правоў чалавека. Таксама Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Еўрасаюз знаходзяцца на шляху вырашэння двухбаковых праблем. Што датычыцца правоў чалавека, то мы маем уласнае разуменне дадзенага пытання.

Сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзін. Тэм абмеркавалі нямала - ад гуманітарнай сферы да сумеснага гандлю і інвестыцый. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што па меры развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння спросціцца вырашэнне і іншых пытанняў, у тым ліку і па правах чалавека.

Стаўрас Ламбрынідыс, спецыяльны прадстаўнік Еўрапейскага Саюза па правах чалавека: "Спадар Прэзідэнт, вялікі дзякуй за тое, што прынялі мяне тут і далі магчымасць прыехаць у Беларусь. Я наведваю вашу краіну ў вельмі важны момант, падчас вялікіх надзей, якія мы адчуваем па далейшым развіцці адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Нядаўняе здыманне санкцый з Беларусі мы разглядаем як магчымасць памножыць, істотна нарасціць наша ўзаемадзеянне ва ўсіх без выключэння сферах: як у палітычнай, так і ў эканамічнай, а таксама ў галіне правоў чалавека. Жадаю падкрэсліць, што я прыехаў для таго, каб мы сумесна сёння змаглі скарыстацца адчыненым перад намі акном магчымасцяў".

Рабочы візіт Стаўраса Ламбрынідыса ў Беларусь апынуўся насычаным перамовамі. Спецпрадстаўнік ЕС па правах чалавека сустрэўся з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем і спікерам беларускага парламента Уладзімірам Андрэйчанкам. Стаўрас Ламбрынідыс таксама прыняў актыўны ўдзел у мінскай міжнароднай канферэнцыі, якую ён назваў гістарычнай. Абмяркоўвалі на ёй, у тым ліку, і пытанне смяротнага пакарання.