Кітайскія журналісты наведалі Беларусь з прэс-турам

6 мая 2018

Сярод наведвальнікаў выставы былі і нашы калегі з Кітая. Тры дзясяткі журналістаў прыехалі ў Беларусь з прэс-турам, пабывалі на нашых брэндавых прадпрыемствах, наведалі гістарычныя месцы, а таксама сустрэліся з прадстаўнікамі ўлад. Да нас у кітайцаў цікавасць асаблівая. Беларусь адна з шасці краін свету, з якімі ў КНР давернае, усебаковае, стратэгічнае партнёрства. А гэта гаворыць пра многае.

Што ўбачылі і што раскажуць паўтарамільярднай аўдыторыі журналісты з Кітая - даведалася Алена Борматава. 22 правінцыі, 5 аўтаномных раёнаў і 4 гарады цэнтральнага падначалення - гэта ўсё кантынентальны Кітай - самая вялікая краіна ў свеце па колькасці насельніцтва. Эканамічная звышдзяржава з самым буйным на планеце золатавалютным рэзервам.

Каля трох дзясяткаў журналістаў Кітая на тыдні наведалі Беларусь. Гэта другі ў гісторыі нашых партнёрскіх адносін прэс-тур. Прадстаўнікі найбуйнейшых інфармацыйных агенцтваў, газет, радыё- і тэлеканалаў з агульным ахопам аўдыторыі некалькі мільярдаў чалавек. Гэты год у Кітаі праходзіць пад знакам турызму Беларусі. Таму ў праграме візіту - некалькі аб'ектаў нацыянальнага набытку нашай краіны.

І практычна адразу ў прадстаўнікоў кітайскіх СМІ з'явілася магчымасць праехаць праз усю Беларусь. Бязмежныя палі, густыя лясы, рэкі і азёры бачыць не на тэлеэкране, а ўжывую, фіксуючы, фатаграфуючы і здымаючы, каб паказаць сваім гледачам за дзясяткі тысяч кіламетраў. Убачыць, дзе пачалася Вялікая Айчынная, пачуць аб гераічнасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці - месцы, якое нікога не пакіне абыякавым.

Цэнь Даазюнь, журналіст (КНР): "Беларусь я ўбачыў як краіну лясоў. У вас чыстае паветра і цудоўная прырода. Я тут і таму, што мяне цікавіць гісторыя. Ад Брэсцкай крэпасці я атрымаў наймацнейшыя ўражанні. Я бачу, як беларускі народ ставіцца да захавання памяці аб вайне і да свайго мінулага".

Мірная і квітнеючая сучаснасць - тое, што шануюць у Беларусі сёння. І з гонарам дэманструюць гэта гасцям. Усё часцей на прылаўках Кітая можна сустрэць беларускую малочную прадукцыю. А тут у спажыўцоў з'явілася магчымасць убачыць, што вырабляецца яна з натуральнай і якаснай сыравіны.

Гэтак жа, як і беларускія цукеркі. Каля дзесяці найменняў лідар айчыннага кандытарскага рынку вырабляе спецыяльна для Кітая. Журналісты змаглі ацаніць смак салодкай беларускай "бульбачкі", "птушынага малака" і класікі мінскіх камунараў - "сталічных" цукерак.

А літаральна праз некалькі дзён ужо тысячы жыхароў Кітая змогуць прадэгусціраваць сучасныя рэцэптуры прысмакаў, зробленых у Беларусі. Навінкі будуць прадстаўленыя на Шанхайскай выставе. Дарэчы, сваю прадукцыю сталічныя кандытары экспартуюць у Кітай з 2015 года. Адкрыццё новых інавацыйных вытворчасцяў, перспектывы развіцця Індустрыяльнага парку "Вялікі камень", нарошчванне экспарту нашых тавараў у Паднябесную - пытанні, якія закраналі прадстаўнікі кітайскіх медыя на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Дынаміка нашага супрацоўніцтва грунтуецца на супольнасці прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі. У чэрвені плануецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Прапрацоўваецца і сустрэча на вышэйшым узроўні са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Журналістыка як народная дыпламатыя іграе на развіццё і збліжэнне краін. Прэс-тур па гарадах Беларусі не толькі спрыяе знаёмству з нашай краінай, але і садзейнічае экспарту турыстычнага патэнцыялу. Тым больш, што Беларусь і Кітай плануюць падпісаць пагадненне аб узаемнай адмене візавага рэжыму тэрмінам на 30 дзён. Уступленне ў сілу гэтага дакумента стане галоўным вынікам Года турызму Беларусі ў Кітайскай рэспубліцы.

Першымі пра гэту навіну даведаліся прадстаўнікі кітайскіх СМІ ад Міхаіла Мясніковіча. Тым больш, што наша краіна актыўна развівае інфраструктуру для турыстаў з Кітая - паказальнікі і банкаматы на іх мове. Распрацоўваецца навігацыя. Толькі летась Беларусь наведалі больш як тры з паловай тысячы турыстаў з Паднябеснай. Краіны працуюць і над стварэннем сумеснага прадпрыемства, галоўнай дзейнасцю якога стане турызм.

А літаральна праз пару дзён найлепшыя ўзоры кітайскага жывапісу будуць прадстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі. У Беларусь працы прыбылі з Нацыянальнага мастацкага музея Кітая. Гэта экспазіцыя ў адказ на выставу нашага нацыянальнага мастацтва, якое выстаўлялася ў Пекіне.