Сапраўднай трагедыяй для ўсіх хрысціянаў стаў пажар у знакамітым саборы Нотр-Дам-дэ-Пары

21 апреля 2019

Яшчэ адна гуманітарная місія, якая аб'яднала неабыякавых з усяго свету. Сапраўднай трагедыяй для ўсіх хрысціянаў стаў пажар у знакамітым саборы Нотр-Дам-дэ-Пары. Увечары 15 красавіка полымя ахапіла найвялікшую рэлігійную і культурную рэліквію французскай сталіцы. Там вяліся рэстаўрацыйныя працы, адбылося кароткае замыканне. З агнём змагаліся больш як 9 гадзін. Сотні пажарнікаў ратавалі шматвяковы будынак і неацэнныя экспанаты - цярновы вянок Хрыста і элемент крыжа, на якім раскрыжавалі Ісуса.

Гаркату вялікай страты падзяляюць і ў Беларусі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя народа і сябе асабіста выказаў глыбокія спачуванні прэзідэнту Францыі і народу гэтай краіны ў сувязі з разбуральным пажарам у саборы Парыжскай Багамаці. Ва ўнісон трагедыі па свеце пракаціўся журботны звон.

Сабор, да шчасця, ацалеў. Але шкода катастрафічная. У першыя ж дні на яго аднаўленне было сабрана больш як мільярд еўра. Магчыма, гэтая трагедыя закліканая стаць новым сімвалам французскага яднання, якое так неабходна Парыжу зараз.