Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даследуе гарадзішча Обчын

21 июля 2019

Як жылі нашы продкі тры тысячы гадоў таму, якую інфраструктуру ўзводзілі ў горадзе, і якім чынам абараняліся ад уварванняў чужынцаў? Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даследуе гарадзішча Обчын у Любанскім раёне. 

Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у археалогіі, калі старажытнае селішча вывучаюць цалкам. Звычайна даследуюць фрагментарна і на працягу дзесяцігоддзяў. Гэта самыя маштабныя раскопкі за ўсю археалагічную гісторыю Беларусі. Аб тым, як забудоўвалі гарады ў эпоху жалезнага веку - у рэпартажы Алены Борматавай

18 тысяч квадратных метраў помніка жалезнага веку. 26 стагоддзяў таму на пустцы каля сучаснай вёскі Абчак носьбіты мілагародскай культуры адной з першых на нашых землях заклалі свой горад і пачалі здабываць жалеза. Зараз тэрыторыя - вотчына археолагаў. 

Упершыню супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачалі даследаваць гарадзішча гадоў шэсць таму. Месца больш нагадвала лес. Таму да таго, як паглыбіцца ў зямлю, мясцоваму лясгасу прыйшлося расчышчаць тэрыторыю. 

Тады капалі цэнтральную частку. Зараз ідуць па перыметры ўсяго гарадзішча. Такога маштабу раскопак у Беларусі яшчэ не было. Звыклая практыка - даследаваць аб'ект часткова. Гэтай плошчы археолагу хапіла б на некалькі дзесяцігоддзяў. 

Старажытны горад быў акружаны балотамі. Людзі абаранялі яго валамі. Насыпалі ўручную, абносілі плотам. Для жалезнага веку гэта былі прагрэсіўныя і даволі складаныя ўмацаванні. 

Гэта выратавальныя раскопкі. Яны праходзяць на месцы будучага будаўніцтва. Міжнародная практыка, калі перад будтэхнікай прыходзяць археолагі. Пасля даследаванняў Акадэмія навук выдае заключэнне, на падставе якога можна весці будаўніцтва аб'екта. Тут з'явіцца чыгуначная станцыя горна-ўзбагачальнага камбіната. Упершыню за ўсю гісторыю археалагічнай навукі праводзіцца гэткае комплекснае даследаванне старажытнага горада. 

Гарадзішча Обчын унесена ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Выключыць аб'ект з гэтага рэестру магчыма пасля поўнага яго вывучэння - гэта паводле закону Рэспублікі Беларусь аб гісторыка-культурнай спадчыне. Пасля завяршэння археалагічных даследаванняў гарадзішча можна будзе ўзнавіць на любой іншай тэрыторыі, бо ў навуковых працах будзе поўнае апісанне і дэталёвая планіроўка старажытнага селішча.

Міліметровая папера і аловак - неад'емныя атрыбуты археолага. Метровая драўляная сетка разбітая на квадраты 20 на 20, з яе дапамогай і праходзіць графічная фіксацыя аб'ектаў. Шырыня раскопа - 5 метраў. У глыбіню - да двух. Фіксуюць кожныя 10 сантыметраў. Гэта дзясяткі пластоў на адным сектары. 

Тут няма артэфактаў раннякласавай гісторыі чалавецтва, таму векавыя напластаванні здымаюць механічна - экскаватарам. Затым профіль уручную зачышчаюць да стану, у якім будзе бачная кожная праслойка зямлі. У ход ідуць не зусім звыклыя для навукоўцаў прадметы. 

Каб атрымаць дэталёвы план гарадзішча і сістэмы ўмацаванняў, робяць упор і на фотафіксацыю. У раскопе з трохметровых рэек, якія больш нагадваюць гіганцкія лінейкі, ствараюць квадратную сетку. 

Сёння можна з дакладнасцю гаварыць, што ў старажытным селішчы былі гаспадарчыя і жылыя пабудовы. Нашы продкі 26 стагоддзяў таму, як і зараз, займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. 

Даследаванні дапамогуць устанавіць планіроўку дома, яго даўжыню і нават размяшчэнне пакояў. 

Таксама неўзабаве пачнуцца раскопкі так званай кішэні з падвойным валам. Ёсць некалькі версій таго, што тут магло размяшчацца: ад жылля багатых гараджан да пахавальных комплексаў. 

Поле, засеянае льном, - аб'ект будучых археалагічных даследаванняў. Гэта заходняя частка гарадзішча. Раскопкі тут пачнуцца пасля таго, як будзе ўбраны лён. Археолагі спадзяюцца выявіць астаткі ўзбраення - сякер, стрэлаў, даспехаў. Бо, верагодней за ўсё, менавіта з гэтага боку і атакавалі старажытны Обчын.

Хто і калі здзяйсняў набегі - застаецца гістарычнай таямніцай. Летапісаў у тыя часы не вялі. Прыблізную дату дапамогуць вызначыць лабараторныя даследаванні. Меркавана, Обчын быў спалены тройчы, магчыма, тройчы яго і захоплівалі. 

На пробы пакідаюць як мага больш драўляных фрагментаў. Чым больш проб, тым дакладней можна датаваць помнік. Наступны этап - знайсці месца, дзе выраблялі жалеза. Вытворчыя аб'екты выносілі за межы горада. Раскопкі ў Обчыне прадоўжацца да канца жніўня.