Гатоўнасць спартыўнага комплексу "Раўбічы" да сусветнага першынства праверыў Прэзідэнт Беларусі

15 февраля 2015

Сваю спартыўную падрыхтоўку, вынослівасць і імкненне да вяршыняў зусім хутка пакажа новае пакаленне беларускіх біятланістаў. Спартыўны комплекс "Раўбічы" рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў. Гатоўнасць комплексу да сусветнага першынства праверыў і Прэзідэнт Беларусі. Прычым не фармальна, а на практыцы. Аляксандр Лукашэнка стаў на лыжы і асабіста праверыў якасць трас.

Прэзідэнт ацаніў узровень прац па рэканструкцыі спарткомплекса - абноўлены адміністрацыйны будынак і сэрвісныя кабінкі для апрацоўкі лыж. Вердыкт Кіраўніка дзяржавы - комплексу неабходна зарабляць. Прыцягваць каманды на зборы, выконваючы да таго ж функцыю імпартазамяшчэння.

Чэмпіянат стартуе ў аўторак. Спартсмены з 42-юх краін будуць змагацца за медалі ў чатырох відах алімпійскай праграмы: індывідуальная гонка, спрынт, гонка праследавання і эстафета. Беларускую каманду на першынстве прадставяць 20 юных біятланістаў. І хто ведае, можа сярод іх будуць будучыя Домрачавы і Скардзіны.