Кіраўнікі дзясяткаў дзяржаў свету працягваюць з'язджацца на Генасамблею ААН

27 сентября 2015

У Нью-Ёрк сёння вядуць усе дарогі. У ЗША працягваюць з'язджацца кіраўнікі дзясяткаў дзяржаў свету і ўрадаў на юбілейную, 70-ю, Генеральную асамблею ААН. Удзел у ёй, нагадаем, прымае і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Зрэшты, выступленне з трыбуны Генасамблеі ААН - гэта, хутчэй, кульмінацыя, але далёка не адзіны пункт візіту Кіраўніка дзяржавы ў Штаты. Праграма сапраўды вельмі насычаная. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка ўжо паспеў наведаць мемарыял, прысвечаны 11 верасня ў Нью-Ёрку, сустрэўся з кіраўніком МВФ Крысцін Лагард, выступіў на саміце, а яшчэ цэлы шэраг двухбаковых сустрэч.

Пра дэталі гэтых і іншых падзей мы разлічваем даведацца ў нашага карэспандэнта Вольгі Макей, якая прама зараз выходзіць на сувязь са студыяй з Нью-Ёрка. 

У Нью-Ёрку праз розніцу ў часе дзень у самым разгары. Да таго, што адбываецца ў штаб-кватэры ААН, у гэтыя дні без перабольшання прыкаваная ўвага ўсяго свету. Саміт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый самы прадстаўнічы за апошняе дзесяцігоддзе. І б'е ўсе рэкорды. Гэтым разам у ім удзельнічаюць кіраўнікі больш як 150 дзяржаў і ўрадаў. Таму на Манхэтэне асаблівыя меры бяспекі, дарогі час ад часу перакрываюць для пад'езду картэжаў.

Усяго членамі ААН з'яўляюцца 193 краіны, Беларусь - сярод заснавальнікаў арганізацыі. Цікавы факт: флагі дзяржаў усталяваныя ў англійскім алфавітным парадку ўздоўж першай авеню ўсходняй часткі Манхэтэна. Першы флагшток на ўзроўні 48 вуліцы, апошні ля 42-й. Такім чынам, рознакаляровасць дзяржаўных сімвалаў расцягнулася аж на 6 кварталаў.

А гэта, можна сказаць, гістарычныя кадры. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню за 10 гадоў прыбыў у ЗША. Учора беларускі борт нумар 1 прызямліўся ў найбуйнейшым міжнародным аэрапорце Злучаных Штатаў. Кіраўнік дзяржавы з візітамі ў Нью-Ёрку ўжо быў у 1995, 2000 і 2005 гадах, у тым ліку і для ўдзелу ў сесіях Генасамблеі.

Фактычна перш за ўсё беларуская дэлегацыя накіроўваецца ў Ніжні Манхэтэн да манумента Ground Zero. Гэта тое самае месца, дзе 11 верасня 2001 адбылася самая страшная трагедыя ў гісторыі ЗША. У той дзень кадры тэракту, калі ў вежы-двайняты Сусветнага гандлёвага цэнтра па чарзе ўрэзаліся самалёты, убачылі людзі ва ўсім свеце, і, вядома, да гэтай трагедыі ніхто не застаўся абыякавым.

Вянок Прэзідэнта Беларусі - ля адзінага на тэрыторыі комплексу дрэва, якое захавалася пад абломкамі. Гэта даніна памяці ахвярам жудаснага тэракту, у якім загінулі каля 3 000 чалавек з 92 краін свету. Іх прозвішчы выбітыя па перыметры манумента. Сярод іх і беларуска Ірына Бусло. 32-гадовая мінчанка ў той страшны дзень працавала ў офісе банка ў будынку Сусветнага гандлёвага цэнтра.

Сёння на месцы 110-павярховых веж - два квадратныя басейны з самымі вялікімі ў ЗША рукатворнымі вадаспадамі. Яны размешчаныя дакладна на месцы былых небаскробаў Сусветнага гандлёвага цэнтра. Зараз жыццё тут ідзе, вядома, як звычайна, але тыя падзеі нібы падзялілі ўспрыманне свету на да таго і пасля.

Тое, якім быць гэтаму свету ў наступныя 15 гадоў, лідары паўтары сотняў дзяржаў абмяркоўваюць у гэтыя дні ў штаб-кватэры ААН. У гістарычную дату 70 гадоў з дня заснавання арганізацыі палітыкі прымаюць мэты ўстойлівага развіцця. Гэта, прасцей гаворачы, сацыяльна-эканамічныя арыентыры краін да 2030 года. На саміце тысячагоддзя ў 2000 годзе былі прынятыя 8 мэт, сярод якіх ліквідацыя беднасці, забеспячэнне даступнай пачатковай адукацыі, барацьба з цяжкімі захворваннямі і іншыя. Для іх рэалізацыі была пастаўленая 21 задача. У цяперашняй сістэме сусветных каардынат ужо 17 мэт і 169 задач. Напярэдадні адкрыцця саміта іх нават паказалі на небаскробе ААН.

Першыя 7 мэт сацыяльна арыентаваныя, наступныя 5 накіраваныя на развіццё эканамічных аспектаў, яшчэ 3 зважаюць на праблемы планеты. 16-я мэта заклікае да міру і справядлівасці. 17-ы пункт - пра партнёрства ў рэалізацыі гэтых арыентыраў. На думку экспертаў, каб увасобіць іх у жыццё, патрабуецца да 4,5 трыльёна долараў штогод.

На адкрыццё саміта запрасілі нават спявачку Шакіру. Пасол добрай волі ЮНІСЕФ выканала песню Джона Ленана Imagine. Ад імя маладога пакалення выступіў самы юны Нобелеўскі лаўрэат. Малала Юсуфзай прыйшла ў залу ў асяроддзі моладзі з розных краін арганізацыі. За 70 гадоў існавання ААН упершыню на адкрыцці Генасамблеі выступіў Папа Рымскі. І першы раз у гісторыі папства кіраўнік каталіцкай царквы звяртаўся да такой колькасці сусветных лідараў.

Кожны з лідараў у гэтыя дні спрабуе данесці свету свой пункт погляду і свае шляхі дасягнення мэт развіцця. У пастаноўку арыенціраў, паводле якіх будуць звяраць гадзіннікі 193 краіны ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, Беларусь унесла свой уклад. У складзе рабочай групы ААН беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ў азначэнні пераліку і фармуліроўцы мэт. Зрэшты, пяць з васьмі пунктаў развіцця тысячагоддзя, вызначаных яшчэ ў 2000 годзе, наша краіна выканала. Гэты паказчык, у параўнанні з іншымі, лічыцца высокім. Сярод іх: выкараненне крайняй галечы, забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі, паніжэнне матчынай і дзіцячай смяротнасці. Аб гэтым з самай галоўнай сусветнай трыбуны расказваў Аляксандр Лукашэнка. Планета сутыкнулася з сістэмным крызісам і нацыянальным эгаізмам. Свету патрэбен дыялог і давер, зважае Прэзідэнт і прыводзіць у прыклад Беларусь, якая ў мінулым стагоддзі стала месцам самых кровапралітных бітваў. Таму без міру і бяспекі ўстойлівае развіццё дзяржавы немагчыма.

На ўласным прыкладзе Беларусь апошні час выразна дэманструе, што значыць быць фактычна донарам бяспекі і міру. Пры гэтым не толькі рашуча адстойваць свае суверэнныя інтарэсы, але і сінхранізавацца з сусветнымі тэндэнцыямі для рашэння агульных задач. Бо ў самых розных частках планеты можна ўпэўніцца: на глебе палітычнага эгаізму трывалы падмурак не пабудаваць.

На саміце акрэдытавана больш за тры тысячы журналістаў - гэта найбуйнейшыя сусветныя выданні і тэлеканалы. З прэс-цэнтра рэпарцёры сочаць і за выступленнем Аляксандра Лукашэнкі, бо ў апошні час Мінск асабліва вылучаецца на геапалітычнай карце планеты.

У саміту - выразны рэгламент: кожнаму палітыку - даецца толькі 5 хвілін. Дарэчы, рэкордная прамова ў ААН прагучала 55 гадоў назад. Фідэль Кастра тады гаварыў 4,5 гадзіны. З цяперашнім кубінскім лідарам - Раулем Кастра - Аляксандр Лукашэнка меў зносіны, вядома, менш, графік беларускага Прэзідэнта распісаны літаральна па хвілінах. Дыпадносінам Мінска і Гаваны 23 гады. Пікам у агульным гандлі стаў 2012-ты. Тады тавараабарот перавысіў 100 мільёнаў долараў. За мінулы год лічба ўдвая менш. А значыць, патэнцыял ёсць. Куба зацікаўлена ў абнаўленні парку сельгастэхнікі. Летась на Востраў свабоды адправіліся 6 дзясяткаў беларускіх трактароў. У планах на 2016 закуп 400 адзінак тэхнікі - гэта грузавікі, трактары і аўтобусы.

У ААН існуе строгі пратакол, дзе прапісана ледзь не кожнае перамяшчэнне прэзідэнтаў. Усе сустрэчы распісаны строга па часе, а іх колькасць б'е рэкорды - усяго паміж лідарамі розных краін запланавана каля паўтары тысячы перамоў.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка сустрэўся і з кіраўніком МВФ. З Крысцін Лагард абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з міжнародным валютным фондам. У 2009-2010 гадах была паспяхова рэалізавана праграма stand-by. Імаверна, неўзабаве Мінск і МВФ аб'яднае новы фінансавы праект.

На сёння ў Кіраўніка дзяржавы запланаваны цэлы шэраг двухбаковых перамоў. Ужо заўтра ў Нью-ёрку стартуе так званая агульнапалітычная дыскусія. Яна прадоўжыцца да 6 кастрычніка. Але менавіта першы дзень дэбатаў эксперты лічаць галоўнай інтрыгай. Журналісты гадаюць: на што зробяць акцэнты Пуцін, Абама, Сі Цзіньпін. Дыпламатычная лагістыка звядзе ў адной зале самых аўтарытэтных сусветных лідараў. У ліку тых, хто выступіць у ганаровы першы дзень, і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.