"Галоўны эфір" ставіць новыя арыенціры і віншуе лепшых

14 января 2018

Лыжы ва ўсіх увасабленнях - наш самы медаляёмісты зімовы від спорту на міжнародных першынствах і Алімпіядах. Будзь гэта біятлон і трохразовае золата Героя Беларусі Дар'і Домрачавай на Алімпіядзе ў Сочы. Або нядаўнія медалі Дашы, Надзі Скардзіны і Ірыны Крыўко на этапе Кубка свету. Будзь гэта лыжы нашых фрыстайлістаў: на мінулай Алімпіядзе мы наогул забралі ўсё золата свету ў лыжнай акрабатыцы! Або вось яшчэ ўнікальны факт. Да Алімпіяды ў Паўднёвай Карэі месяц, а медаль ужо ёсць! Нашаму лыжніку Сяргею Далідовічу аддадуць даўгі за Сочы. А ён ужо пракладаў сваю лыжню, калі толькі беларускі суверэнны спорт яшчэ толькі пачынаўся. Рыхтуемся хварэць за нашых і ў Пхёнчхане!

Усё-такі спорт - гэта штосьці большае, чым перамогі, медалі і п'едэстал. Гэта яшчэ і ўчынкі. Напрыклад, наша лёгкаатлетка Віялета Скварцова выйграла юніёрскі чэмпіянат Еўропы ў трайным скачку. Але сышла з п'едэстала, калі пачула чужы гімн! Гэтай грамадзянскай пазіцыі Віялеты апладзіравала ўся Беларусь, а на гэтым тыдні яе адзначылі на высокім дзяржаўным узроўні. Традыцыйна ў гэтыя дні студзеня ўручаюць прэміі за духоўнае адраджэнне, спецпрэміі і падзякі Прэзідэнта за талент, працу і добрыя справы. Спартсмены, урачы, навукоўцы, мастакі, духавенства. Сярод лаўрэатаў і нашы калегі па Агенцтве тэленавін за маштабны тэлепраект "Справа жыцця".

А гэта яшчэ адна традыцыя: стары Новы год і прыём ад імя Прэзідэнта, дзе не толькі ўшаноўваюць тых, хто праславіўся, але і ставяць новыя мэты, выканальныя і рэальныя, якімі зноў будзем ганарыцца мы - беларусы! "Галоўны эфір" таксама тут, каб пачуць арыенціры і, вядома, павіншаваць лепшых!