"Галоўны эфір" раскажа аб галоўных падзеях тыдня

4 ноября 2018

Па традыцыі пачатак лістапада ў нашай краіне праходзіць пад знакам чырвонага. Менавіта гэты, як гэта зараз модна гаварыць, колер настрою нагадвае аб тым, што зусім хутка мы адзначым самы знакаміты чырвоны дзень календара. У дадатак - сёлета ў святочнай стужцы і вялікі сумежны юбілей - стагоддзе УЛКСМ, а мы зараз пройдземся па чырвонай дывановай дарожцы галоўнага кінафэсту Беларусі. На тыдні ў Мінску адкрыўся ўжо 25-ы "Лістапад". Форум гэтага года праходзіць пад слоганам "Спазнаючы белы свет" і прысвечаны Кіры Муратавай.

Беларускі "Лістапад" - у ліку самых прэстыжных кінафэстаў свету. Знакамітыя рэжысёры, прадзюсары і акцёры штораз прывозяць у Мінск свае лепшыя карціны. У праграме гэтага года - парадку дзесяці фільмаў з лонг-ліста "Оскара", прызёр кінафэсту ў Канах, а таксама ў кіназалах пройдзе беларуская прэм'ера Ларса фон Трыера. Вось такая ганаровая місія фэсту! Паміж іншым, "Лістападу" не першы раз даручылі прэм'еру.

Як раз аб даверы, а дакладней, аб крызісе даверу ў свеце і аб тым, як яго вярнуць, гаварылі на тыдні ў Мінску ўдзельнікі асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Беларусь прымае гэткі прадстаўнічы і аўтарытэтны форум упершыню. Прычым ініцыятыва правесці сустрэчу менавіта тут, у Мінску, зыходзіла непасрэдна ад кіраўніцтва канферэнцыі. Аўтарытэтны міжнародны сход беларускую сталіцу выбрала не выпадкова, абгрунтаваўшы ўкладам, які ўносіць Мінск ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсім свеце.

Праблем на планеце маса. Новая гонка ўзбраенняў, акты тэрору, санкцыі і гандлёвыя войны, канфлікт у Сірыі, Данбас. У гэтых рэаліях беларуская знешняя палітыка спрабуе выбудаваць фарматы даверу і паважлівага дыялогу. Гэта і новы "хельсінскі працэс", і дыялогі па Нагорным Карабаху, і па ўкраінскім канфлікце. Канструктыўная пазіцыя афіцыйнага Мінска і нашы ініцыятывы прызнаныя і цэняцца на сусветнай палітычнай арэне.