"Галоўны эфір" пачынае працу ва ўрачыстай зале Палаца Незалежнасці

17 марта 2019

Мы пачынаем "Галоўны эфір" у гэтай урачыстай зале Палаца Незалежнасці. Яго самыя частыя госці - паслы замежных дзяржаў, якія тут уручаюць Прэзідэнту даверчыя граматы. Але на тыдні мы сталі сведкамі не самай звычайнай цырымоніі. У гонар 25-годдзя Канстытуцыі ў гэтых сценах свае першыя пашпарты атрымлівалі школьнікі. Тыя, хто нарадзіўся і вырас ужо ў суверэннай, незалежнай Беларусі.

Сімвалічны жэст у адрас маладога пакалення: галоўны дакумент - з рук гаранта правоў, свабод і Канстытуцыі. У фотагалерэі знакавых момантаў ёсць і такі, пратакольны, але сапраўды асаблівы здымак. Інаўгурацыя Кіраўніка дзяржавы - пункт адліку цяперашняга прэзідэнцкага тэрміну. Цырыманіял, які падкрэслівае: менавіта Канстытуцыя - наш асноўны закон і вышэйшая юрыдычная сіла. 

Тут дарэчы ўзгадаць і словы класіка - сіла ў праўдзе. І на нашай зямлі прынцыпы жыцця па справядлівасці каваліся вякамі. А вытокі беражліва захоўваюцца дагэтуль. Вось гэтаму першаму статуту Вялікага Княства Літоўскага ўжо 490 гадоў! Лішні раз адкрываць яго не станем, гэта ўжо зрабілі нашы карэспандэнты, і мы абавязкова пакажам праўду са стагадовай вытрымкай сёння ў праграме.

А вось адрозніць праўду ад фэйку ў цяперашні век высокіх тэхналогій - гэта асобнае майстэрства. Занадта ўжо вялікую папулярнасць набыло ў апошнія гады майстэрства вядзення інфармацыйнай вайны. Сапраўды, надышоў час, калі да штыка прыраўнялі пяро. Адзін росчырк якога імгненна разлятаецца па ўсім свеце. Навіны зараз не толькі прафесія, але ў нячыстых руках яшчэ і зброя. 

Як Беларусь будзе трымаць у чысціні і справядлівасці сваё інфармацыйнае поле, таксама распавядзем сёння.