Галоўныя палітычныя падзеі ў Беларусі ў 2016 годзе

1 января 2017

Гэты год быў шмат у чым асаблівым для беларускага палітычнага жыцця: выбары ў парламент, Усебеларускі народны сход з дарожнай картай развіцця на наступныя 5 гадоў, размарозка адносін з Еўрасаюзам і Штатамі і пераход да пабудовы таго, што на дыпламатычнай мове называюць паважлівым, прагматычным дыялогам. У гэтай сувязі на нашых вачах прайшла цэлая серыя сустрэч замежных дэлегацый - палітыкі, паслы, кіраўнікі дзяржаў. Прыязджаў нават англійскі  прынц Майкл Кенцкі.

Выдзеліць нейкі адзін вектар  наўрад ці атрымаецца. Іх у нас сапраўды сёлета было шмат.

З мноства палітычных падзей года наш аглядальнік Андрэй Крывашэеў сабраў агульную карціну таго, што ўмацоўвала рэпутацыю і сутнасць беларускай дзяржавы.

2016-ы для Беларусі стаў годам праектавання будучыні пасля двухгадовай рэцэсіі, украінскай траўмы і ў сітуацыі новай амаль халоднай вайны ў Еўропе. Ледзь адышоўшы ад знешніх шокаў і зрабіўшы прынцыповы выбар на выбарах прэзідэнцкіх, здабыўшы новую моцную нацыянальную валюту і цвяроза астудзіўшы  "рэфарматарскі" запал у вярхах, грамадства пачало стратэгічнае планаванне.

Пятае Усебеларускае веча з апорай на перадвыбарную праграму Кіраўніка дзяржавы выпрацавала для краіны Праграму-2020 - стратэгію якасці жыцця; развіцця, а не застою; будучыні, а не мінулага; дзеянняў, а не чаканняў. Але без радыкалізму.      

Што закладзена ў новым пяцігадовым праекце? Рэформа дзяржапарату - чыстка паўнамоцтваў і разадзьмутых штатаў. Фінішная прамая мадэрнізацыі ў традыцыйнай вытворчасці, адсюль прадукцыйнасць працы і эканомія рэсурсаў. Новая эканоміка ведаў і тэхналогій апошняга ўкладу - ад IT і індустрыяльнага парку да атамнай энергетыкі і новай электрыфікацыі аж да сваіх электракараў і электробусаў. А яшчэ фармацэўтыка, космас, бія- і нанатэхналогіі, медыцына, зялёная эканоміка і складаная хімія.

 

Рафаэль Маркеці, прафесар паліталогіі і міжнародных адносін, дэкан факультэта палітычных навук Свабоднага ўніверсітэта міжнародных адносін і сацыяльных навук LUISS, Італія:

"Ключавая стратэгія ў глабальнай палітыцы і эканоміцы сёння - гэта павышэнне ролі тэхналагічных і навуковых хабаў. Беларусь становіцца такой дзяржавай-хабам паміж Еўрасаюзам і саюзам еўразійскім. Як Фінляндыя ў часы  Савецкага Саюза. Гэта лепшая стратэгія для ўсіх краін, размешчаных на мяжы дзвюх прастор, стратэгія злучных звёнаў. А дадайце сюды "Шаўковы шлях" праз Беларусь. Ён нясе новыя эканамічныя перспектывы для Еўрасаюза, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі -  усёй прасторы, якую прынята называць Еўразійскім кантынентам. Пры гэтым я таксама разлічваю, што гэты індустрыяльны праект  стане і палітычным”.

 

Па якасці жыцця зразумелыя гарызонты:  плюс 10% да рэальных даходаў, магчымасць пабудаваць сваё жыллё на зарплату, чвэрць мільёна новых рабочых месцаў, плюс год да сярэдняй працягласці жыцця і самае важнае - рост нараджальнасці.

У выніку Праграма-2020 рэвалюцыйная па ключавых галінах, але эвалюцыйная па сутнасці. Працягвае ўсю нашу разважлівую палітыку за  два дзесяцігоддзі. 

        

Фрэд Далмаер, доктар палітычных навук, прафесар універсітэта Нотр-Дам, сустаршыня НДІ "Дыялог цывілізацый" (ЗША):

"Для мяне асабіста ключавой палітычнай каштоўнасцю Беларусі з'яўляецца ваша разважлівасць. Апошнімі гадамі мы зразумелі, што ў ёй мае  патрэбу  нават справядлівасць як найвышэйшая каштоўнасць. Напрыклад, для Еўрасаюза справядліва адкрыць межы для мігрантаў. Але гэта не разважліва. Гэта безадказна ў дачыненні да ўласнага народа. У Беларусі ж у палітыцы як знешняй, так і ўнутранай дамінуе менавіта разважлівасць. На жаль, у свеце засталося не так шмат прынцыповых і асцярожных палітычных лідараў. Нават Трамп не такі. Дарэчы, аб выбарах. Менавіта вашы людзі абралі ўладу ў краіне і зрабілі гэта не для кагосьці, а для сябе. Так, вашы грамадзяне ўсведамляюць, што Беларусь як частка глабальнага свету схільная ўплыву з розных бакоў. Але вы часцей выйграеце ад пазітыву глабалізацыі. Ваша шматвектарнасць вядзе да стабільнасці, устойлівага эканамічнага росту, да павышэння дабрабыту".

 

Выбар года не толькі выбар пяцігадовай стратэгіі, разважлівай у вачах партнёраў, але і абранне заканадаўцаў. 11 верасня - фініш парламенцкага марафону. Яўка пад 75%, высокая палітычная культура без хаосу і насілля, рэкордны ў найноўшай гісторыі давер партыйным кандыдатам. Іх у новым складзе аж 16 - ад камуністаў да канструктыўнай апазіцыі. Выбарчы марафон атрымаў высокія ацэнкі назіральнікаў і нават традыцыйна крытычная справаздача АБСЕ хутчэй добразычлівая і падштурхоўвае да дыялогу. На думку  галоўнага сусветнага даследчыка каштоўнасцяў,  беларусы зрабілі выбар якраз на карысць сваіх ідэалаў. 

 

Крысціян Хэрпфер, доктар паліталогіі і сацыялогіі, Прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі даследавання каштоўнасцяў WVSA, Аўстрыя:

"Каштоўнасць бяспекі, каштоўнасць палітычнай гармоніі ў Беларусі нашмат перавышае жаданне выйсці памітынгаваць. Сёння любы чалавек можа ўдзельнічаць у палітычным працэсе, каб стварыць атмасферу даверу ў грамадстве. Выкарыстаць аргументы, адкрытую дыскусію, а не падпаленыя сцягі або пабоішчы ў цэнтры, або яшчэ горш - кактэйлі Молатава. Далей у беларусаў ідуць такія патрэбнаці, як праца, даходы, культура”. 

 

Увесь 2016-ы цёплы амаль дамашні дыялог з заходнімі партнёрамі - ЗША і ЕС. Калі зразумець што Еўропа - наш агульны дом, і калі ў адной кватэры страляюць, другую абрабавалі, у трэцяй  узарвалася, а ў чацвёртай - бойка з гасцямі, то ад гэтага дрэнна ўсім. Зразумела, адкуль адмена санкцый, частыя візіты ў Мінск, новыя праекты ў эканоміцы і пацяпленне ў цэлым.

 

Крысціян Хэрпфер, доктар паліталогіі і сацыялогіі, Прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі даследавання каштоўнасцяў WVSA, Аўстрыя:

"Адбылася кардынальная змена ўспрымання Беларусі. Заходнія палітыкі, у тым ліку Еўрасаюз, па-сапраўднаму вельмі ўдзячныя, што Прэзідэнт Лукашэнка асабіста і Беларусь у цэлым дапамаглі ў гэтай выбухованебяспечнай сітуацыі. Знялі гэты востры галаўны боль Еўропы, дапамаглі з дыпламатычным выйсцем, з захаваннем твару. Мінск стаў дыпламатычным сталом для Амерыкі, Расіі, Еўрасаюза і Кітая. Гэта майстэрская палітыка і шанц, што новыя раздзяляльныя лініі не пройдуць па тэрыторыі Еўропы".

 

Кульмінацыя еўрапейскага дыялогу ў Мінску – адкрыты дыялог Прэзідэнта з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспекі Савета ЕС. Гэта ключавы орган, які вызначае гарызонты інтэграцыі і фарміруе  парадак дня  для Бруселя і лідараў краін Еўрасаюза.

Уолтэр Стывенс, Старшыня Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС: "Мы вітаем пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах з Беларуссю. Мы сапраўды суседзі. Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з'яўляецеся вельмі важным членам "Усходняга партнёрства". Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю. Хацеў бы падзякаваць за тое, што ваша краіна стала перагаворнай пляцоўкай ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Мы цэнім тое, што Беларусь прыняла каля 200 тысяч украінскіх мігрантаў і бежанцаў. Лічым, што поўная рэалізацыя мінскіх пагадненняў з'яўляецца ключавой умовай для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне".

 

Давер да афіцыйнага Мінска такі вялікі, што менавіта Беларусі даручаюць правесці Парламенцкую Асамблею АБСЕ. Гэта форум паўсотні краін свету. Плюс нам давяраюць старшынства ў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве. А гэта 18 краін цэнтра, дзе лакаматывы - Італія, Аўстрыя, Польшча, Чэхія і Сербія. Свій парадк дня  - "дактрыну свету" - Беларусь ужо прапанавала публічна. Мы за абнаўленне АБСЕ на карысць бяспекі і супрацоўніцтва. Мы за другія Хельсінкі, якія гатовыя сабраць у Мінску.

 

Крытыкі спытаюцца: што ў 2016-м Еўрасаюз забыўся ў Беларусі, і што Беларусі да  праблем Еўрасаюза? Ацэньваючы год, адзін з лепшых экспертаў Берліна па сувязях з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай Пітэр Шульц, адказвае: бяспека і прагматызм.

Пітэр Шульц, доктар палітычных навук, прафесар факультэта паліталогіі Гетынгенскага ўніверсітэта, Германія:

"Кіраўніцтва Еўрасаюза, нарэшце, прызнала, што можа выбудоўваць міралюбныя, прагматычныя адносіны з Беларуссю. Першыя сувязі перарастуць у непарушны мост. Вы зможаце атрымаць усё: і вялікі рынак, і тэхналогіі, не становячыся членам Еўрасаюза. Як Нарвегія. Рэцэпт вельмі просты: салідныя эканамічныя і культурныя праекты, сур'ёзныя інвестыцыйныя прапановы і паступальны рух наперад. Але толькі прагматычна”.

 

Беларусь ніколі не ўспрымала еўрапейскую палітыку, як казіно, і заўсёды працавала на паніжэнне канфліктных ставак - ці то трафік нелегалаў і наркотыкаў, мілітарызацыя, палітычны або энергетычны шантаж. Адзіная стаўка, якую мы нязменна прасоўваем у нашай Еўропе, - гэта прагматызм. Эканоміка і развіццё, давер і бяспека. Менавіта гэтыя стаўкі, узмоцненыя намі ў 2016-м, павінны спрацаваць у новым, 2017-м.