Галоўныя геапалітычныя тэмы на тыдні абмяркоўвалі і ў Вене

22 мая 2016

Сірыя, ІДІЛ, Нагорны Карабах. Давайце зараз па парадку. Узровень насілля ў Сірыі зніжаецца. Такая заява прагучала ў Вене на сустрэчы міжнароднай групы падтрымкі Сірыі. Перагаворшчыкі - міністры замежных спраў з амаль 20-ці краін - абмеркавалі магчымасць дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў ахопленыя вайной гарады арабскай рэспублікі. Размова, у першую чаргу, ішла пра медыкаменты і харчаванне. Іх будуць скідаць з паветра. Паводле звестак ААН, з пачатку сірыйскага канфлікту ў 2011-м загінулі больш як 220 тысяч чалавек. Таксама на сустрэчы ў Вене абмяркоўвалася барацьба з тэрарызмам і сітуацыя ў Лівіі. У адрозненне ад Сірыі і Ірака, дзе "Ісламская дзяржава" церпіць паражэнне за паражэннем, у былой Джамахірыі сітуацыя куды больш складаная. У краіне фактычна няма дзеяздольнага ўрада, таму тэрыторыі, падкантрольныя ісламістам, растуць.

Яшчэ ў аўстрыйскай сталіцы адбыліся і перамовы мінскай групы АБСЕ па ўрэгуляванні карабахскага канфлікту. Упершыню з пачатку красавіцкага абвастрэння прэзідэнты дзвюх краін сустрэліся асабіста. Як адзначылі Ільхам Аліеў і Серж Саргсян, ваеннага рашэння канфлікту не існуе. Бакі дамовіліся ў найкарацейшыя тэрміны завяршыць працу над механізмам АБСЕ аб правядзенні расследаванняў інцыдэнтаў. У пачатку красавіка Азербайджан і сілы непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі абмяняліся масіраванымі ўдарамі. Дакладны лік загінуўшых дагэтуль невядомы.