Галоўныя эканамічныя праекты і даручэнні Прэзідэнта ў Пасланні

21 апреля 2019

Пра тое, як у паспяховай дзяржаве павінны спалучацца магутныя індустрыяльныя мускулы, навацыі IT-сферы і малы і сярэдні бізнес. Як правесці новую электрыфікацыю і вывесці залатое сячэнне ў развіцці мегаполісаў, буйных райцэнтраў і малой радзімы?

Галоўныя эканамічныя праекты і даручэнні Прэзідэнта ў Пасланні прааналізавала Святлана Лук’янюк. Прававая база Беларусі - гэта аснова, на якой развіваецца эканоміка буйных вытворчасцяў, а таксама малога бізнесу. Выразна прапісаныя механізмы ўзаемадзеяння суб'ектаў гаспадарання - гэта залог іх прыбытковай працы, а таксама жадання інвестараў укладваць у развіццё новых вытворчасцяў і тых, што дзейничаюць цяпер у Беларусі. Буйныя вытворчасці былі і застаюцца флагманамі Беларусі. Па МАЗе, БелАЗе, МТЗ краіну ведаюць і за межамі. Мадэрнізацыя асноўных ліній дазваляе нам і канкурыраваць. За два гады даручана завяршыць інвестпраекты нафтаперапрацоўчых заводаў і поўнасцю загрузіць абноўленыя магутнасці тым самым павысіць якасць прадукцыі.

Менавіта ў рэгіёнах шмат горадаўтваральных вытворчасцяў. Але ўсё гіганты на сабе не выцягнуць. Малыя і сярэднія прадпрыемствы, высокатэхналагічныя ды яшчэ і з імпартазамяшчэннем - патрэбны дадатак. Ім заўсёды праца знойдзецца побач з буйным субратам. Да таго ж гэта і новыя рабочыя месцы. Асаблівая ўвага кіраўнікам прадпрыемстваў. Ад іх дальнабачных бізнес-планаў залежыць праца ў плюс. Але некаторыя па-ранейшаму спадзяюцца больш на дзяржказну, хаця ўкладвання грошай у неэфектыўных гульцоў больш не будзе. Прадукцыйнасць працы на першым месцы.

Па сутнасці ўсе працуюць у роўных умовах. Толькі адны падлічваюць прыбытак, адкрываюць новыя лініі, а другія - страты, ім не дапамагаюць нават крэдыты. Рост зарплат і прыбытак - галоўныя крытэрыі ацэнкі кіраўнікоў прадпрыемстваў. У планах жа да 2025 года рост ВУП да 100 мільярдаў долараў. У агульную скарбонку ўкладваюцца ўсе. І тут трэба падцягваць адсталыя рэгіёны, каб не было вялізнага дысбалансу. Па асобных гарадах на прыкладзе Оршы распрацуюць планы развіцця. Тэрмін 2 гады. Арыенцір іх паказчыкаў - сярэднеабласны і рэспубліканскі.

Дзмітрый Крутой, Міністр эканомікі Беларусі: "Два гады наша эканоміка дэманструе нармальныя тэмпы. 2,5-3 % рост штогод. Па сутнасці мы выйшлі на сярэднесусветныя тэмпы. Зараз стаіць задача іх утрымаць і павялічыць".

Асаблівая ўвага інфляцыі. Не больш чым 5 % па годзе. І тут у першую чаргу важны не вялізны кошык тавараў, а невялікі - той, што купляем штодня. Гэта прадукты харчавання. Усплёскі цэн бачныя кожнаму. Даручэнне і ўраду, і мясцовай вертыкалі разбірацца па кожнай групе тавараў, дзе бачыцца неабгрунтаваны рост цэнаў, глядзець з-за чаго ён, хто слабае звяно - вытворцы, перапрацоўшчыкі ці гандаль, і ацаніць аргументы кожнага. Як дзейсны механізм стрымлівання росту цэн Прэзідэнт называе здаровую і сумленную канкурэнцыю. Ад урада чакае якраз стварэння асяроддзя для яе развіцця. І галоўнае тут - выконваць антыманапольны закон. Абноўлены дакумент працуе ўжо з лета мінулага года.

Прыбыткі людзей у прыярытэце дзяржпалітыкі. Сітуацыю манітораць і прафсаюзы. Галоўным чынам, каб такіх перакосаў, як нявыплата заробленага, не было.

Колькасць рабочых месцаў таксама павінна расці. Тут вотчына мясцовых уладаў. Падтрымліваць прыватную ініцыятыву, дапамагаць і людзям з інваліднасцю. Нават невялікае прыватнае прадпрыемства дасць магчымасць працаваць тым, хто жыве ў невялікім горадзе ці сяле, і галоўнае - зарабляць. Імкнемся, каб у бюджэтнікаў зарплата была не менш чым 80 % ад сярэдняй па краіне. А пенсія набліжалася да 50 %, так што павышэння варта чакаць і сёлета. Але пенсіі, як і зарплаты, залежаць ад агульных эканамічных умоў. Рэзервы для росту ёсць. Па кожным напрамку патрэбныя праекты будучыні. Трансферу тэхналогій чакаюць ад ПВТ.

Новыя віды прадукцыі можа прапанаваць і АПК, дзесьці замяняючы і імпарт. А агратрэнд на экалагічна чыстыя прадукты - добрая магчымасць нароўні з буйнымі таварнымі фермамі развівацца і зарабляць прыватнікам. Ды і прадаваць сваё магчымасць будзе. У сталіцы абяцаюць да канца года пабудаваць экарынок. Гэта як развіццё прынятага закона аб арганічным земляробстве.