Галоўная сусветная навіна тыдня - выбары ў Францыі

7 мая 2017

І вось ці то інфармацыйны свет такі вузкі, ці то, сапраўды, цана пытання такая высокая, пытанне "Ле Пен або Макрон" задаюць сёння не толькі французы. Увесь гэты час на пару крокаў наперадзе ішоў Эмануэль Макрон, зрэшты Марын Ле Пен, калі і адставала, то нязначна. Прычым, адрыў свой рэгулярна кампенсавала гучнымі заявамі. Вось, напрыклад, адзін з апошніх з намёкам на праеўрапейскую арыентацыю апанента. "Францыяй будзе кіраваць жанчына. Не Ле Пен, дык Меркель"! Зрэшты, Макрону, гэта, здаецца, не моцна перашкаджала. У гэтай гонцы ён да апошняга ў фаварытах.

Як бы не скончыліся выбары, гэту кампанію ўжо называюць адной з самых "жоўтых" не толькі для самой Францыі, але і для сусветнай электаральнай гісторыі. Фейкі, абвінавачанні, кампраматы. У ход за гэтыя месяцы ішло, здаецца, усё. Тым часам мільёны французаў ужо добра стаміліся ад такога напалу пачуццяў. Яны чакалі не толькі гэтага дня, але і тых, што будуць пасля, калі трэба будзе перайсці ад слоў да справы. Бо спраў назапасілася нямала. Рэпартаж Юрыя Казлова.

Выбарчыя ўчасткі ў Францыі адкрыліся ў 7 раніцы па мясцовым часе. Галасаванне праходзіла ва ўмовах беспрэцэндэнтных мер бяспекі - вобыскі, металічныя загароды, металадэтэктары. За парадкам у краіне сачылі 50 тысяч паліцэйскіх і нават супрацоўнікі прыватных ахоўных кампаній. З восені 2015 года ў Францыі дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча - ён быў уведзены пасля лістападаўскіх атак у Парыжы, якія забралі 130 жыццяў. Палітолагі лічаць, што менавіта тэрарыстычная пагроза і міграцыйны крызіс дазволілі лідару нацыяналістаў Марын Ле Пен выйсці ў другі тур выбараў. Для яе гэта ўжо вялізны поспех. Аднак у трыумфу кіраўніка "Нацыянальнага фронту" быў і зваротны бок. Супраць Ле Пен і яе радыкальных поглядаў аб'ядналіся прадстаўнікі, здавалася б, неаб’яднальных сіл - ад зялёных да ўмерана правых. Многія з тых, хто галасаваў за Эмануэля Макрона, рабілі свой выбар у карысць экс-міністра эканомікі толькі з-за таго, што ён не Ле Пен.

Напярэдадні галасавання кандыдаты правялі апошні раўнд тэледэбатаў, у якім яшчэ раз пацвердзілі свае пазіцыі. Марын Ле Пен паабяцала "развесціся" з ЕС па брытанскім прыкладзе, адмовіцца ад еўра і закрыць межы. Плюс прыярытэт французам пры найманні на працу. Эмануэль Макрон выступіў за рэформу эканомікі - больш свабоды бізнесу, стварэнне новых кампаній і скарачэнне дзяржапарата, а заадно закрыццё праблемных прадпрыемстваў. У дадатак, спрабуючы адвесці частку электарата ад Ле Пен, цэнтрыст асцярожна загаварыў аб неабходнасці рэфармавання Еўрасаюза. Праўда, доўга разважаць аб высокіх матэрыях лідар ультраправых саперніку не дазволіла.

Нягледзячы на такі напор, перамагчы ў дэбатах Ле Пен не ўдалося. 60 працэнтаў французаў злічылі Эмануэля Макрона больш пераканаўчым. Хоць для таго, каб палажыць сваё візаві на лапаткі, палітык усяго і рабіў, што паўтараў: "Марын, ты не права".

Фрэдэрык Дабі, сацыёлаг, палітычны аналітык, Францыя: "Сіла Макрона ў тым, што яго праграма ахоплівае, хай і даволі павярхоўна, практычныя ўсе сферы. Гэта значыць, ён даволі сярэдні кандыдат, але кандыдат для ўсіх. Макрон спрабуе ліквідаваць традыцыйны раскол паміж правымі і левымі. Ле Пен жа наадварот спрабуе яго ўзмацніць. Яна гуляе на антыеўрапейскіх пачуццях, каб дакладна выдзеліць людзей, якія адчуваюць сябе ахвярамі глабалізацыі і не любяць тых, апынуўся ў выніку яе ў плюсе".

Дарэчы, цяперашнюю кампанію французскія СМІ часта параўноўваюць з апошнімі выбарамі ў ЗША. Гонка была поўнай скандалаў і інтрыг. Зімой нечаканыя абвінавачанні ў фіктыўным працаўладкаванні жонкі пазбавілі шанцаў на перамогу аднаго з фаварытаў - рэспубліканца Франсуа Фіёна. Ле Пен і Макрону таксама не атрымалася застацца чыстымі. Упершыню ў гісторыі Пятай рэспублікі абодва кандыдаты знаходзяцца пад следствам. Лідара нацыяналістаў абвінавачваюць у пазапраўным працаўладкаванні знаёмых. Яе апанента - ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Плюс хакерскі скандал - прама як з уцечкамі з электроннай пошты Хілары Клінтан. За дзень да галасавання WikiLeaks апублікавала 9 гігабайт перапіскі Макрона са сваім штабам. У дакументах ёсць матэрыялы аб афшорах экс-міністра эканомікі, аднак устанавіць сапраўднасць даных немагчыма. Улады Францыі забаранілі СМІ абмяркоўваць уцечкі да заканчэння галасавання. Сам Макрон абвінаваціў у хакерскай атацы Расію.

Пакуль, зрэшты, непадобна, каб MacronGate сур'ёзна паўплываў на зыход выбараў у Францыі. Адзіны шанц Ле Пен на перамогу заключаўся ў нізкай актыўнасці прыхільнікаў цэнтрыста. Аднак яўка ў другім туры была высокай. Паводле папярэдніх даных, якія каля гадзіны таму агучыла МУС Францыі, лідар руху "Наперад!" лідзіруе. Як і прадказвалі апытанні, яго падтрымалі больш за палову тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Афіцыйныя ж вынікі галасавання будуць абвешчаныя 11 мая.