Кіраўнік дзяржавы прыняў кадравыя рашэнні

23 сентября 2018

У аўторак Кіраўнік дзяржавы прыняў чарговыя кадравыя рашэнні, прыкметна амаладзіўшы і мясцовую ўладу, і дыпламатычны корпус. Пры гэтым галоўным крытэрыем прызначэнняў новай генерацыі кіраўнікоў Прэзідэнт вызначыў здольнасць і гатоўнасць выбудоўваць сапраўды суверэнную эканамічную, палітычную і сацыяльную мадэль Беларусі. Цікава, што ўсе прэтэндэнты прайшлі жорсткія фільтры на кампетэнтнасць, "чысціню рук", аўтарытэт і дысцыпліну яшчэ да запрашэння ў Палац Незалежнасці. Што не перашкодзіла, зрэшты, Аляксандру Лукашэнку на апошнім этапе зладзіць яшчэ адзін іспыт. Вытрымаў яго кожны з прызначаных у аўторак.

Асаблівыя патрабаванні да тых, хто прызначаны з новай генерацыі, патрабуюць і асаблівага кантролю. Адсюль узмацненне вертыкалі вопытам. Віталь Воўк з гэтага часу памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці. У тым ліку ў яго кампетэнцыі кадравая палітыка ў рэгіёне. Хаця першачарговая задача - падчысціць "хвасты" ў Оршы. І па падабенстве прывесці ў парадак усе сярэднія гарады ў Віцебскай вобласці. Гэтую задачу Кіраўнік дзяржавы лічыць прыярытэтам. І па яе выкананні ацэняць эфект кадравых рашэнняў.

Што да дыпламатыі і знешняга гандлю, тут у нас два "новыя-старыя" прыярытэты і два новыя паслы. Па-першае, Балтыя. На першы план у рэгіёне выходзіць Латвія. Гэта і транзіт грузаў, і лічбавізацыя, і новыя інвестыцыйныя пакеты. Дэ-юрэ і дэ-факта афіцыйная Рыга бярэ на сябе звышвыгадную пазіцыю моста паміж двума саюзамі: нашым Еўразійскім і іх - Еўрапейскім. Раней гэтую моцную пазіцыю займаў Вільнюс. Але Літва вельмі захапілася неканструктыўнай палітыкай у шкоду рэальнай эканоміцы і па сутнасці сама здала свае пазіцыі.

Другі напрамак - паўночная Еўропа. Задача - канвертаваць узаемнае прыцягненне і нават падабенства ў развіцці і менталітэце ў рэальны вынік. Новы пасол у Фінляндыі і Даніі па сумяшчальніцтве закліканы зноў адкрываць для беларускай эканомікі Скандынавію ў самым шырокім сэнсе.