Геаграфія падзей на гэтым тыдні вельмі шырокая. "Галоўны эфір" аб 7 днях у Беларусі і ў свеце

25 марта 2018

Добры вечар, гэта "Галоўны эфір", і сёння, пэўна, упершыню за ўсю гісторыю нашай праграмы мы выкарыстаем вось такі незвычайны рэквізіт. Сапраўдны рэбус для маладога пакалення: што можа быць агульнага паміж лыжамі і паяльнай лямпай?

А вось у маім дзяцінстве ўвесь двор ведаў, як сваімі рукамі мадэрнізаваць заводскі спартыўны інвентар. Як вось гэтыя легендарныя "Тэлеханы", якія пасля ўсесаюзнай папулярнасці плыўна перавандравалі на балконы і зараз больш элемент настальгіі, чым проста лыжы.

Нават вышэйшы сорт 1984 года бязлітасна абпальваўся паяльнай лямпай і добра змазваўся парафінам. (Ад працэдуры вызваляліся толькі шчасліўчыкі, якія дзесьці дасталі паўпластык). Толькі пасля гэтага можна было спакойна станавіцца ў агульны строй і не саступаць лыжню кожныя пяць хвілін. І нават нягледзячы на ўсе гэтыя абавязковыя магічныя дапрацоўкі, "Тэлеханы" былі брэндам, які грымеў на ўвесь СССР!

Менавіта яны далі пуцёўку ў вялікі спорт і пакаленню Дар'і Домрачавай, у якой у цяперашнім камплекце 45 пар лыж. Але для пачатку патрэбная толькі адна пара! Хоць бы для таго, каб зразумець, ці варта сур'ёзна і надоўга звязваць сваё жыццё з гэтым відам спорту. Так, менавіта на іх рабілі свае першыя крокі цяперашнія алімпійскія чэмпіёны. І дзякуючы вось гэтаму несамавітаму, але простаму і надзейнаму спартыўнаму мінуламу, Беларусь зараз гучыць на ўвесь свет!

Беларусь - гэта яшчэ і музычны, па-сапраўднамуі сусветны брэнд. Больш як 80 гадоў таму ў невялікім Барысаве была арганізаваная вытворчасць найскладанейшых інструментаў.

Вось, дарэчы, унікальныя кадры: так у цэхах звычайнага лесакамбіната пачыналі рабіць першыя піяніна "Беларусь". Яно, як і "Тэлеханы", таксама было гэткім прадметам масавага карыстання. Але зусім хутка стала задаваць тон ледзь ці не на ўвесь кантынент.

У раён Барысава, якому мясцовыя жыхары ласкава далі мянушку "Піянінка", паступалі заяўкі з Францыі, Галандыі, Польшчы, Германіі... Што ўжо гаварыць аб шматтысячных унутраных пастаўках. Тут жа, у Барысаве, асвоілі і выпуск іншых інструментаў. Танна, надзейна і якасна - галоўныя стандарты вытворчасці вялікай краіны напоўнілі яшчэ і ўнікальным творчым сэнсам, тым самым стварыўшы сваю гісторыю музычнай вытворчасці.

А вось сучасную гісторыю сусветнай музыкі пішуць ужо нашы суайчыннікі. Гэтых людзей, можа, і мала хто пазнае на нашай вуліцы. Аднак на хвіліначку: Юрый Гарадзецкі - лаўрэат конкурсу Каралевы Лізаветы Бельгійскай і конкурсу вакалістаў ВВС "Спявак свету". Арцём Шышкоў сваёй скрыпкай захапіў Аўстрыю і Германію, Андрэй Кавалінскі - саліст Нацыянальнага філарманічнага аркестра Францыі, Вераніка Прадзед - адна з лепшых цымбалістак у свеце, якой апладзіравалі і Расія, і Польшча. Роўна такі ж высокі статус ва Уладзіслава Плігаўкі, які пакарыў Італію, Вялікабрытанію, Кітай.

Яны і ёсць тыя зерні, аб якіх гаварыў Прэзідэнт на сустрэчы з таленавітай моладдзю. Нашы таленты, якія выраслі, іх убачыў і пра іх даведаўся ўвесь свет. Таленты, якім з малых гадоў трэба дапамагаць расці.

Вядома, гэтая гутарка з Кіраўніком дзяржавы будзе і сёння ў цэнтры ўвагі нашай праграмы. Аб тым, што яшчэ сёння падрыхтаваў "Галоўны эфір", мы - Іван Эйсмант і Вікторыя Сянкевіч - распавядзем прама зараз.