Працягнем пра заходнюю Еўропу. Францыя на раздарожжы. Пятая Рэспубліка сёння выбірае прэзідэнта. Выбарчыя ўчасткі зачыніліся ў 21:00 па Мінску. Ужо ёсць папярэднія даныя - праўда, пакуль яны даволі супярэчлівыя. І гэта не дзіўна. Усяго ў гонцы ўдзельнічаюць 11 кандыдатаў, і адразу чацвёра з іх лічацца фаварытамі. Прычым, разрыў паміж лідарамі мінімальны - у раёне аднаго-двух працэнтаў. Паводле папярэдніх даных, самыя высокія шанцы выйсці ў другі тур у экс-міністра эканомікі Эмануэля Макрона і лідара ўльтраправых Марын Ле Пен.
Зрэшты, у найбліжэйшыя гадзіны расклад можа змяніцца, і не выключана, што 7 мая ў бюлетэнях апынецца прозвішча рэспубліканца Франсуа Фіёна або левага палітыка Жана-Люка Макрона. МУС Францыі, якое гэтымі днямі па сумяшчальніцтве з'яўляецца Цэнтрвыбаркамам, заклікае грамадзян не моцна спадзявацца на даныя экзітполаў, а дачакацца афіцыйных вынікаў. Больш падрабязна аб зыходзе галасавання нашы калегі раскажуць заўтра ў ранішнім выпуску навін. Мы ж пакуль успомнім, як праходзіла перадвыбарная кампанія ў Францыі і чаму цяперашнія выбары прэзідэнта ў гэтай краіне параўноўваюць з мінулымі выбарамі ў ЗША.
Расказвае Юрый Казлоў.
Цяперашняя выбарчая кампанія абяцала быць цікавай з самага пачатку. Дзеючы прэзідэнт Франсуа Аланд стаў самым непапулярным гаспадаром Елісейскага палаца ў гісторыі Пятай Рэспублікі. І яго рэйтынг, які часам апускаўся да 7 працэнтаў, негатыўна адбіўся на пазіцыях усёй Сацыялістычнай партыі. У пачатку зімы аналітыкі прагназавалі, што наступным прэзідэнтам Францыі стане кандыдат-рэспубліканец, экс-прэм'ер-міністр Франсуа Фіён. Ён абяцаў узмацніць кантроль на мяжы, каб скараціць узровень міграцыі і вырашыць праблему з бяспекай. Таксама палітык збіраўся наладзіць дыялог з Масквой. Канкурэнцыю Фіёну павінна была скласці Марын Ле Пен - лідар ультракансерватыўнага "Нацыянальнага фронту". Па сутнасці, яе праграма - гэта праграма Фіёна, толькі ў квадраце. Ле Пен лічыць, што праблему бежанцаў можна вырашыць толькі цалкам зачыніўшы межы, а каб справіцца з эканамічнымі выклікамі, Францыя павінна пакінуць ЕС.
Марын Ле Пен, кандыдат у прэзідэнты Францыі:
"У выпадку абрання я маю намер правесці шмат перамоў, каб аднавіць наш суверэнітэт над чатырма асноўнымі элементамі - над мяжой, таму што французы маюць права вырашаць, хто прыязджае ў іх дом. Над законамі, таму што гэта аснова дэмакратыі. Над эканомікай - я гавару аб эканамічным патрыятызме, які забаронены ў Еўрасаюзе. І над валютай".
Прэзідэнтам Францыі становіцца кандыдат, які набраў 50 працэнтаў плюс адзін голас. Таму нярэдка выбары тут праходзяць за два туры. Па сітуацыі на студзень, Ле Пен атрымлівала перамогу на першым этапе - з 27 працэнтамі галасоў, але ўступала Фіёну ў другім. Сітуацыя змянілася 31 студзеня. Пасля серыі матэрыялаў у СМІ французская паліцыя правяла вобыск у кабінеце экс-прэм'ер-міністра. Следчыя шукалі працоўны кантракт яго жонкі Пенелопы. Паводле даных праваахоўнікаў, палітык узяў жонку на пасаду свайго памочніка. Усё б нічога, але, следства лічыць, што Пенелопа Фіён не хадзіла на працу, а зарплату ўсё роўна атрымлівала. З парламенцкіх фондаў ёй было выплачана каля мільёна еўра. Рэйтынг Фіёна пачаў раставаць. Нягледзячы на скандал, палітык працягнуў барацьбу за прэзідэнцкую пасаду, але вярнуць сабе ранейшыя пазіцыі не змог.
Франсуа Фіён, кандыдат у прэзідэнты Францыі:
"Мяне хацелі прымусіць маўчаць. Не хацелі, каб я вёў барацьбу за пасаду прэзідэнта. Але я ўсё яшчэ тут і скажу вам: мяне не запалохаеш. Усё будзе залежаць толькі ад меркавання народа Францыі".
Неўзабаве такія абвінавачанні былі і супраць Марын Ле Пен. Яна нібы ўзяла на працу двух асістэнтаў, якія, як і жонка Фіёна, не выконвалі свае абавязкі, але атрымлівалі грошы - усяго каля 400 мільёнаў еўра. Ле Пен перанесла скандал лепш за апанента, але ўзровень папулярнасці лідара "Нацфронта" сё ж скараціўся - прыкладна на 5 працэнтаў. Аналітыкі загаварылі аб мэтанакіраваным цкаванні двух самых папулярных кандыдатаў і сталі ўспамінаць мінулыя выбары ў ЗША з маштабнай антытрампаўскай кампаніяй. Тым больш, што пасля зруйнавальнага ўдару па двух фаварытах гонкі на арэне з'явіўся Эмануэль Макрон - экс-міністр эканомікі блізкі да кіруючых сацыялістаў. Зрэшты, узяты ў Францыі курс на так званую брудную кампанію з ўзаемнымі абразамі і павышанай цікавасцю да асабістага жыцця кандыдатаў сыграў злы жарт і з Макронам. Палітыка выкрылі ў спробе ўхіліцца ад выплаты падатку па павышанай стаўцы, а потым і зусім назвалі карупцыянерам і банкірам Ротшыльда. Вішанькай на торце сталі абвінавачанні ў здрадзе мужа з мужчынам.
Эмануэль Макрон, кандыдат у прэзідэнты Францыі:
"Што датычыцца людзей, якія распаўсюджваюць чуткі аб маім падвойным жыцці, то, па-першае, гэта, вядома, непрыемна для маёй жонкі Брыджыт. Яна раздзяляе маё жыццё з раніцы да ночы і пастаянна пытаецца - ды як ты фізічна змог?".
На фоне скандалаў рэйтынг самага маладога кандыдата ў гісторыі Францыі таксама пачаў падаць. Затое да тройкі фаварытаў далучыўся нядаўні аўтсайдар Жан-Люк Меланшон. Фактычна гэта Ле Пен мужчынскага полу, але з вельмі левымі поглядамі.
Жан-Люк Меланшон, кандыдат у прэзідэнты Францыі:
"Францыі трэба выйсці з усіх дагавораў з ЕС. Недапушчальна, каб нам дыктавалі, якія сацыяльныя і эканамічныя ператварэнні нам трэба праводзіць. Наша знаходжанне ў ЕС спрыяе ўмовам звышэксплуатацыі працаўнікоў. А дагаворы ЕС аб зоне свабоднага гандлю з Канадай і ЗША яшчэ больш пагоршаць эканамічнае становішча".
Да дня галасавання ўзровень падтрымкі Макрона, Фіёна, Ле Пен і Меланшона быў прыкладна аднолькавым. І палярнасць у поглядах кандыдатаў толькі падагравае цікавасць да зыходу выбараў.
Дамінік Майсі, палітычны аналітык, Францыя:
"Правыя будуць галасаваць за Фіёна, але яго рэпутацыя падмочаная фінансавым скандалам. Левыя вельмі моцна падзеленыя з-за расколу ў партыі сацыялістаў. Вельмі правыя і вельмі левыя прыцягваюць шматлікіх выбаршчыкаў, але іх рыторыка таксама адпужвае вялікую колькасць людзей. Макрон - наогул цёмны конік. Яго хацелі б бачыць проста адэкватным чалавекам, які выратуе Францыю ад самой сябе. Але ці з'яўляецца ён такім чалавекам? Упэўненасці ў гэтым няма. Да таго ж ён малады і неспрактыкаваны".
Нягледзячы на супярэчлівыя даныя з участкаў, ужо зразумела, што выбраць прэзідэнта ў першым туры Францыя не змагла. Налева, направа або тым жа шляхам - якую дарогу краіна выбера на гэтым раздарожжы, даведаемся праз два тыдні - другі этап галасавання прызначаны на 7 мая.













