Калі спытаць любога чалавека, з чым у яго асацыюецца малая радзіма, упэўнены, што амаль кожны адкажа, што з домам. Дык вось на гэтым тыдні ў Мінску з'явіўся свой дом, а больш дакладна, палац у прадстаўніц самага грацыёзнага віду спорту - нашых мастацкіх гімнастак. У паскораным рэжыме зараз вы можаце ўбачыць, як узводзіўся дадзены аб'ект.
І мы не сумняваемся, што зараз беларускія грацыі ўжо сапраўды будуць першымі. Прынамсі, у праве на гэта спадзявацца. Бо і да вялікага адкрыцця дзяўчаты стабільна радавалі нас алімпійскімі медалямі. Шэсць - на шасці Алімпіядах - такое могуць яшчэ толькі фрыстайлісты.
Ужо паўтара дзясятка гадоў Мінск прымае этапы Кубка свету, але спецыялізаванай пляцоўкі для спаборніцтваў і трэніровак не было. Прынцыповае рашэнне аб будаўніцтве комплексу прыняў Прэзідэнт. Ды яшчэ і сам руку прыклаў падчас суботніка ў красавіку мінулага года. Дарэчы, тады Кіраўнік дзяржавы і паставіў задачу здаць аб'ект да сакавіка 2018.
Калі ж яшчэ, як не напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, адкрываць такі палац? Чырвоную стужку Прэзідэнт перарэзаў разам з алімпійскімі чэмпіёнкамі - беларускай Марынай Лобач і расіянкай Алінай Кабаевай, а таксама са старшынёй Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і мэрам Мінска.
Падзея зусім не радавая і для сусветнай мастацкай гімнастыкі. На цырымонію адкрыцця прыехалі 45 прызёраў чэмпіянатаў свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. Комплекс ужо называюць адным з лепшых на планеце. Але правілы для ўсіх адны. Гавораць, нават Прэзідэнту не дазволена хадзіць у абутку па гэтых дыванах.
А такіх дыванаў у новым Палацы адразу 10. У гэтым, дарэчы, таксама ўнікальнасць будынка. Тут адначасова могуць трэніравацца нацыянальная і юніёрская зборныя, плюс групы для спартсменак-пачаткоўцаў. Увогуле да 200 чалавек. Вядома, гэтая сучасная пляцоўка стане і адным з цэнтральных аб'ектаў II Еўрагульняў, якія пройдуць у Беларусі ў наступным годзе.
У Год малой радзімы мары спраўджваюцца. Вось такі лейтматыў першых паказальных выступленняў у новым Палацы гімнастыкі. І праўда, любоў да роднага краю, да бацькоў, да сям'і - матыватара больш моцнага быць не можа. Матыватара, які дапамагае не здавацца на шматгадзінных трэніроўках, не апускаць рукі на шляху да сваёй мэты, змагацца на міжнародных стартах за гонар сваёй краіны.













