Рух "Жоўтыя камізэлькі" сфарміраваўся ў вялікую і вострую праблему для Францыі

17 марта 2019

Не атрымліваецца загаіць раны і ў Францыі. У гэтую суботу рух "Жоўтыя камізэлькі" канчаткова сфарміраваўся ў вялікую і вострую праблему для Пятай рэспублікі. 18-ы раз пакрыўджаныя жыхары Парыжа і іншых гарадоў выйшлі пратэставаць супраць эканамічнай рэформы і прэзідэнта Эмануэля Макрона. 

Той, нагадаем, заявіў, што не будзе размаўляць з парушальнікамі спакою, "бо і так пайшоў на сур'ёзныя саступкі". Тым часам сваё паўналецце пратэстанты адзначылі "з агеньчыкам" - спалілі некалькі магазінаў, ларкоў, машын і пабіліся з паліцыяй. 

82 чалавекі арыштаваныя, 11 атрымалі раненні. Ратавальнікі ў апошні момант дасталі з падпаленага будынка маці з дзіцем. Вартавыя парадку і адэпты бязладзіцы разышліся, як баксёры, па вуглах да наступнага раўнда. А правесці яго абяцалі "камізэлькі" ўжо ў наступную суботу. Фраза "Парыж - горад агнёў" усё больш размываецца жоўтым колерам.