Дональд Трамп правёў шэраг важных кадравых прызначэнняў

18 марта 2018

Ствараецца адчуванне, што ў ЗША да вынікаў прэзідэнцкай гонкі ў Расіі пачалі рыхтавацца загадзя. Гаспадар Белага дома Дональд Трамп правёў шэраг важных кадравых прызначэнняў. Так, дырэктар ЦРУ Майк Пампеа заняў пасаду кіраўніка Дзярждэпартамента. Цэнтральнае разведупраўленне ўзначаліла Джына Хаспел. І калі Пампеа завуць проста Ястрабам, то за Хаспел замацавалася мянушка Ястраб з вачамі кошкі. Гэтая дама паспела папрацаваць як агент пад прыкрыццем, потым кіравала сакрэтнай турмой ЦРУ ў Тайландзе і асабіста прысутнічала на катаваннях. Ад гэтага, дарэчы, у Хаспел могуць быць праблемы з уездам на тэрыторыю Еўрасаюза.

Што датычыцца ўжо былога дзяржсакратара Рэкса Тылерсана, то ён пакінуў каманду прэзідэнта. І, мабыць, яго сыход стане пачаткам новай эры ў амерыканскай дыпламатыі. Бо Тылерсан запомніцца не толькі нецэнзурнымі ацэнкамі дыпламатычных здольнасцяў Дональда Трампа. Былы дзяржсакратар быў вядомы і даволі ўзважанай пазіцыяй у дачыненні да КНДР або іранскай ядзернай праграмы. Магчыма, зараз амерыканская палітыка ў дачыненні да гэтых краін зменіцца.