Доўгачаканае вяртанне Вікторыі Азаранкі

11 марта 2018

Зараз аб тэнісе, дзе адбылося доўгачаканае вяртанне. Вікторыя Азаранка пасля вялікага перапынку, звязанага з судовымі цяжбамі па апецы над сынам, вярнулася на корт. І не толькі для трэніровак, а каб выйграць свой першы пасля вяртання паядынак. Сама тэнісістка прызналася: яна ледзь стрымлівала слёзы, калі яе віталі балельшчыкі на трыбунах.

А здарылася гэта на турніры катэгорыі "Прэм'ер" у Індыян-Уэлсе. Азаранка на старце перайграла Хізэр Уотсан і ў другім крузе сёння ўначы сустрэнецца з амерыканкай Слоан Cтывенс. Той самай, якую ў цяперашнім Індыян-Уэлсе ўжо абгульвала. У парным разрадзе разам з яшчэ адной беларускай - Арынай Сабаленкай - дзяўчаты абгулялі Стывенс і канадку Эжэні Бушар. Наступнае выпрабаванне - першыя сеяныя расіянкі Кацярына Макарава і Алена Весніна.

Пераможна ідзе па турніры ў адзіночным разрадзе і Сабаленка. Сёння ўвечары ў тэнісістцы будзе матч трэцяга круга - у суперніцах Маркета Вондраўшава. А да гэтай стадыі Арына атрымала пераканаўчую перамогу над Варварай Лепчанкай і 18-й у свеце Святланай Кузняцовай.

Нашай Аляксандры Сасновіч няпроста прыйшлося ў матчы з Магдай Лінет. Паядынак доўжыўся тры гадзіны і прайшоў у антуражы 30-градуснай спякоты, але Саша справілася, а ў наступным раўндзе без праблем абгуляла Анет Контавейт. У трэцім крузе суперніца Сасновіч - другая сеяная Каралін Вазняцкі. Як бачым, беларусы захоўваюць вялікае прадстаўніцтва на прэстыжным турніры. Пажадаем нашым дзяўчатам поспеху!