Да выбараў у мясцовыя Саветы застаецца роўна тыдзень

11 февраля 2018

Перадвыбарная гонка - гэта не толькі лічбы, працэнты і прагнозы. Праца з людзьмі - галоўны прыярытэт. І, як паказваюць апошнія дні, электарат прыкметна ажывіўся - на пікетах збіраюцца дзясяткі людзей. Кожны разумее, што на выбары ісці трэба - гэта ключавы тэзіс грамадзянскага грамадства.

Падводзяць вынікі і назіраюць за барацьбой ужо з боку дэпутаты, якія вырашылі ў 28 скліканне не балаціравацца. З якімі ідэямі чакаюць новых выбраннікаў і што пакінуць пасля сябе папярэднія - раскажа Аляксей Волкаў.

З дзясятак пікетаў, канцэрт - так выглядае ландшафт перадвыбарнай Беларусі за тыдзень да асноўнага галасавання. 13-га, дарэчы стартуе датэрміновае. Актыўна, весела, неагрэсіўна - такой беларусы запомняць агітацыю-2018.

Моладзь не толькі забаўна танцуе, але і вырашае. Акцыя "#МолодежьРешает" - назва абавязкова з хэштэгам - апошнія тыдні БРСМ і тыя, хто ім дапамагае, збіралі просьбы і пажаданні людзей будучым дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Слугам народа будзе што пачытаць – больш як тры тысячы лістоў на 57 чалавек.

Адносна цёплая зіма, вялікая колькасць новых асоб сярод кандыдатаў і дынамічная барацьба за электарат - у Мінску конкурс чатыры чалавекі на месца - усё гэта прывяло да ўздыму перадвыбарнай цікавасці ў жыхароў - людзі разумеюць, навошта, і галоўнае, за каго пойдуць галасаваць.

Павесіць на цвік свой дэпутацкі мундзір Валянціна Півавар вырашыла даўно. Таму на выбары не пайшла - дарогу маладым. Затое, гаворыць, будзе час хадзіць у госці. І ёсць куды - чакаюць яе ў 150 дамах. Менавіта столькі ўчасткаў яна выбіла для маладых сямей, і на месцы чыстага поля за пару гадоў з'явіўся новы пасёлак - электрычнасць і газ прыкладаюцца.

Напэўна не адмовілася б ад участка ў Смілавічах сям'я Зуеўскіх. Іх дом па вуліцы Аршанскай таямнічым чынам спачатку гарэў, потым быў знесены, а пасля ператварыўся ў паркоўку і кафэ.

У пашпарце ў Віталя прапіска ў доме, якога няма. З часовага жылля сям'ю таксама папрасілі з'ехаць. Звярнуліся да дэпутата Мінгарсавета - абяцаў дапамагчы.

"Калі што, пойдзем па прапісцы жыць у палатцы". Такі настрой пануе ў сям'і Зуеўскіх не першы год - без пастаяннага даху над галавой неяк неспакойна. Але Атаманаў абяцаў давесці справу да завяршэння - шчаслівага. Нават без дэпутацкіх паўнамоцтваў. Аляксей Волкаў, Максім Кураш і Аляксандр Бірэцкі ў "Галоўным эфіры" аб тых, каго выбіраюць і як гэта часта супадае.