Дзіцячыя садкі будуюць, але месцаў не хапае

29 марта 2015

Ну што ж, нягледзячы на тое, што ўзровень даверу да чыноўнікаў даволі высокі, у іх яшчэ ёсць рэзерв, каб зрабіць гэтыя паказчыкі лепшымі. Праблем хапае. Хоць большасць з іх бытавога характару - жыллё, камуналка, дарогі… Для тых, каго гэта датычыцца, усе гэтыя недахопы - як лакмусавая паперка. Справіўся чыноўнік - добра працуе. Не справіўся - працуе дрэнна.

І вось адна з самых вострых праблем горада, які хутка развіваецца. Дзіцячыя садкі. Асабліва гэта адчуваюць жыхары Фрунзенскага раёна сталіцы. Дэфіцыт - больш за 8 тысяч. Як быць? Разам з экспертамі і жыхарамі Мінска адказ шукала Анастасія Багамолава. Наша рубрыка "Людзей хвалюе".

Каб атрымаць запаветнае месца ў дзіцячым садку каля сваёй новабудоўлі ў Каменнай Горцы - 3, Алена Кот спрабавала стаць на чаргу яшчэ быўшы цяжарнай. Апынулася, трэба было раней. Алена падала неабходныя дакументы ў 2013-м, праўда, на той момант садкоў у мікрараёне і не было. Зараз, праз 2 гады, ёсць. Але месцаў для шматдзетнай сям'і ў іх так і не знайшлося.

Такіх выпадкаў у Каменнай Горцы, аказваецца, шмат. Толькі за час запісу інтэрв'ю да нашай здымачнай групы падышлі са скаргамі некалькі ўстрывожаных тат. Напрыклад, Аляксандр, які б'ецца за "месца пад сонцам" для сваіх дзяцей ужо 3-і год. Калі яны з сям'ёй пераехалі ў Каменную Горку, у дзіцячым садку ім адмовілі. Зараз месца вылучылі, але ў садку на станцыі метро "Спартыўная".

Недахоп дзіцячых садкоў у Мінску ўлады не адмаўляюць, але падкрэсліваюць: праблема - у пэўных мікрараёнах. Асабліва востра стаіць пытанне ў Фрунзенскім, дзе пражываюць 37 тысяч дашкольнікаў, з якіх толькі 24 наведваюць дзіцячы садок.

Няпростая сітуацыя і ў некаторых рэгіёнах краіны. У рэспубліцы на чарзе ў дзіцячы садок - 13 тысяч дзяцей. Складаней за ўсё ў Брэсцкай вобласці. Там маюць патрэбу ў дашкольнай установе парадку 8 тысяч. На другім месцы - цэнтральны рэгіён, дзе больш за 3 тысячы дашкольнікаў. І замыкае тройку Гродзенская вобласць з 2-мя тысячамі ў чарзе.

Асноўная прычына недахопу дзіцячых садкоў - высокія тэмпы будаўніцтва жылля, бо гэта першачарговае. Аб інфраструктуры мы пачынаем думаць і шукаць сродкі толькі потым.

Спытаць у забудоўшчыкаў асабіста, калі чакаць адкрыцця новых дзіцячых садкоў (у той жа Каменнай Горцы) - не атрымалася. Як нам растлумачылі па тэлефоне, зараз складаны перыяд, на сустрэчу з прэсай часу папросту не знайшлося. Тым часам у бізнесу на гэтае пытанне адказ ёсць. Прыватніку чамусьці атрымліваецца будаваць і жыллё, і спадарожныя сацыяльныя аб'екты.

Вось і прыклад: прыватная кампанія пабудавала жылы комплекс у цэнтры горада, а сучасны дзіцячы садок з камп’ютарным класам і фітнес-залай перадала дзяржаве.

Апошнім часам усё часцей мы чуем аб альтэрнатыве - прыватных дзіцячых садках. Чым не дапамога? Праўда, прынцыпы працы ў параўнанні з дзяржаўнымі там прыкметна адрозніваюцца. Ды і грошай яны каштуюць вялікіх. Затое займаюцца ў такіх клубах дзеці выключна адукацыяй, прычым на 3-х мовах.

Вось толькі з рэалізацыяй такіх ідэй узнікаюць праблемы, першым чынам, з-за санітарных патрабаванняў да памяшканняў, якія прадпрымальнік плануе арандаваць для адкрыцця прыватнага дзіцячага садка.

Дарэчы, зараз вядзецца актыўны дыялог з Міністэрствам адукацыі на тэму дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Бізнес гатовы ўкладваць грошы ў такую сацыяльную сферу, засталося знайсці пункты судакранання з чыноўнікамі, каб адкрыць прыватны дзіцячы садок стала прасцей.