Дзеці вёскі Дабрагошча Жлобінскага раёна засталіся без школы

14 августа 2016

За месяц да пачатку навучальнага года дзеці вёскі Дабрагошча Жлобінскага раёна засталіся без школы.

Пакуль уся краіна рыхтуецца да новага навучальнага года, мясцовыя жыхары думаюць не аб тым, як і чым напоўніць партфелі. Іх клопаты куды больш сур'ёзныя: у якую школу зараз пойдуць іх дзеці. Мясцовую зачыняюць, а найбліжэйшая за 40 кіламетраў. Раённыя ўлады, якія прынялі рашэнне паставіць кропку ў доўгай гісторыі вясковай школы, прыводзяць сур'ёзны аргумент: будынак - у аварыйным стане. Аднак жыхары і настаўнікі ўпэўненыя: прычына зусім не ў гэтым. Наш карэспандэнт Вольга Халадовіч сустрэлася з тымі, для каго школа - гэта не проста "месца, дзе вучаць".

Што рабіць? Гэтае пытанне зараз як ніколі хвалюе жыхароў вёскі Дабрагошча. Да пачатку навучальнага года засталося менш за месяц, але дзе будуць вучыцца дзеці - дагэтуль незразумела. Мясцовую школу зачынілі. Але з такім рашэннем людзі катэгарычна не згодныя.

Мясцовыя ўлады гавораць: рашэнне вымушанае. У красавіку гэтага года спецыялісты абследавалі будынак і прыйшлі да высновы, што дах у аварыйным стане. Супрацоўнікі навуковай лабараторыі, якія праводзілі экспертызу, сабралі бясспрэчныя доказы.

Але, нягледзячы на гэта, паводле слоў мясцовых жыхароў, у школе без праблем працаваў летні лагер. Хоць, як сцвярджаюць улады, бяспека дзяцей на першым месцы.

Рыхтаваліся да навучальнага года і настаўнікі. Распрацоўвалі праграмы і атрымлівалі спецыяльнае абсталяванне для класаў. Сёння шукаюць працу.

Спецыялісты падлічылі - на капітальны рамонт школы неабходныя прыкладна 300 тысяч рублёў. Такіх грошай у мясцовым бюджэце проста няма. А ўсіх школьнікаў 1 верасня чакаюць у школе ў суседняй вёсцы.

Да найбліжэйшай школы - прыкладна 15 кіламетраў. Але гэта толькі для жыхароў Дабрагошчы. Дзецям з суседніх сёлаў прыйдзецца пераадольваць адлегласць ужо ў 30-40 кіламетраў. Каб палепшыць няблізкі шлях, улады паабяцалі даць школьны аўтобус.

Наталля Сідоркіна, намеснік начальніка аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама: "Дарога асфальтаваная, узімку чысціцца. Мы на сённяшні дзень даем сюды дадатковы аўтобус, які будзе працаваць толькі на гэты маршрут. Тое, што датычыцца працуючых педагогаў, усім прапанаваная праца. Іншая справа - хто з іх прыняў гэта, хто не прыняў".

Усім, але не ўсім. Галіна Каханчык адпрацавала ў школе 36 гадоў. Гаворыць, пацвердзіла ў Гомелі вышэйшую катэгорыю, здала іспыт і спадзявалася, што выйдзе на працу, але, як апынулася, выйшла на пенсію.

Ёсць яшчэ адна, бадай, самая галоўная праблема. У Дабрагошчы выкладалі на рускай мове. Замежная мова - французская. Прапанаваная наўзамен школа - беларускамоўная з нямецкай замежнай мовай. Бацькі хвалююцца, што гэта стане прычынай непаспяховасці. Ды і дарога для самых маленькіх нават у аўтобусе - выпрабаванне.

Таму бацькі не здаюцца. Гавораць, паправіць дах - не праблема. І гатовыя зрабіць гэта самі. А яшчэ просяць разумення і падтрымкі ў мясцовых улад. Бо да пачатку навучальнага года засталося зусім няшмат часу.