Дар'я Домрачава атрымала чарговую перамогу

8 февраля 2015

І яшчэ адна навіна гэтага дня - больш чым прыемная. Сёння ў чэшскім Нове-Места Дар'я Домрачава атрымала чарговую перамогу на этапе Кубка свету ў сваёй упадабанай дысцыпліне - гонцы праследавання. Сёння яна атрымалася сапраўды вострасюжэтнай. Два промахі Домрачавай адкінулі яе даволі далёка ад п'едэстала, але затым ва ўмовах снегападу і дрэннай бачнасці беларуска была лепш за канкурэнтак. На апошнім агнявым рубяжы Дар'я зрабіла на адзін промах менш, чым яе галоўная саперніца Кайса Мякарайнен. І гэта быў ключавы момант гонкі. Далей беларуска паляцела да свайго чарговага залатога медаля, які дазволіў ёй скараціць адставанне ў спаборніцтве за вялікі Крыштальны глобус.