Дар'я Домрачава развіталася са спартыўнай кар'ерай

1 июля 2018

На гэтым тыдні, бадай, яна стала галоўным ньюсмейкерам у свеце спорту, аб'явіўшы аб завяршэнні сваёй прафесійнай кар'еры. Аб сваім рашэнні чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка паведаміла ў Мінску, сабраўшы прэс-канферэнцыю.

Так, біятлонны свет здагадваўся і чакаў гэтай навіны некалькі месяцаў. Наша Даша прызнаецца, што гэта было абдуманае, але нялёгкае рашэнне. Таму ў гэты важны дзень Дар'ю падтрымаў яе муж. Васьміразовы пераможца алімпіяд Уле-Эйнар Б'ёрндален быў у зале, а потым дапамагаў жонцы нарэзаць торт для балельшчукаў і журналістаў.

У апошнім сезоне яна ўзяла алімпійскае золата і ў завяршальнай гонцы (мас-старце на этапе Кубка свету ў Цюмені) фінішавала першай. Вялікі спорт маладая маці пакідае ва ўсіх сэнсах пераможцай.

Біятлонная гісторыя зараз падзеленая на дзве часткі: да Домрачавай і пасля. Даша - адзіная ў гісторыі біятлона чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Акрамя гэтага, у яе на галоўных Гульнях срэбра і бронза. 7 медалёў чэмпіянатаў свету, дзве перамогі на першынствах Еўропы. Вялікі хрустальны глобус таксама ў калекцыі беларускі!

Скажам дзякуй Дашы за цудощныя моманты, якія яна дарыла балельшчыкам усе гэтыя гады. Біятлон для нас зараз будзе зусім іншым. Дададзім, што незадоўга да гэтага сваё рашэнне аб завяршэнні кар'еры ў прамым эфіры нашага тэлеканала агучыла і Надзея Скардзіна. Развіталася з прафесійным спортам і яшчэ адна Надзея - Пісарава.

Але будучыня ў гэтага віду спорту, вядома, ёсць. Маладыя алімпійскія чэмпіёнкі Дзінара Алімбекава і Ірына Крыўко застаюцца ў камандзе. Плюс - верым мы і ў нашых юніёраў!

Выдатны шанец выявіць сябе дасць чэмпіянат Еўропы па біятлоне. Ужо ў наступным годзе яго прыме Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".

Чэмпіянат Еўропы ў Раўбічах пройдзе з 18 па 24 лютага 2019 года.