Тэлеканал абвінаваціў прэзідэнта ЗША ў парушэнні канстытуцыйных правоў. Падставай стала тое, што Белы дом адмовіў у акрэдытацыі карэспандэнту Джыму Акосту (Трампу не спадабаліся яго пытанні).
На першым брыфінгу пасля аб'яўлення вынікаў прамежкавых выбараў не на карысць рэспубліканцаў амерыканскі лідар літаральна зрываўся на журналістах. Перш за ўсё дасталася рэпарцёру CNN. Трамп назваў Акосту "грубым і жудасным чалавекам", а сам тэлеканал - крыніцай фейкавых навін і "ворагам народа".
А ўсё з-за цалкам адэкватных пытанняў аб караване бежанцаў з Гандураса. Акосту тут жа пазбавілі пастаяннага пропуску ў Белы дом. Дарэчы, абараніць калегу паспрабаваў журналіст NBC. Але атрымаў ад Трампа рэпліку: "Вы мне таксама не вельмі падабаецеся".
Падтрымку Акосту выказала Асацыяцыя карэспандэнтаў прэзідэнцкага пула ЗША. Пазней Федэральны акруговы суд Вашынгтона загадаў Беламу дому аднавіць пастаянны пропуск карэспандэнта і дазволіць яму наведванне адкрытых для прэсы мерапрыемстваў.
Зараз Сусветная павуціна падзялілася на два лагеры. Адны задаюцца пытаннем: "За што?". Бо нічога такога журналіст не спытаў. Іншыя ім адказваюць: "Ёсць за што". І нагадваюць: CNN і яшчэ цэлы шэраг СМІ ў апошнія гады ператварыліся ў заўзятых прапагандыстаў, займаючыся самым сапраўдным цкаваннем Трампа, вінавацячы яго ва ўсіх смяротных грахах. Зразумела, цэтлікі вешаліся бяздоказна, паўвыдуманыя гісторыі даўно адышлі ў Лету, але, як у анекдоце, - асадак-та застаўся. Нам-та, беларусам, не ведаць, што такое штампы заходняй прэсы - дагэтуль што ні артыкул пра Беларусь, то "краіна дрымучага лесу", круглы год снегу да калена, рускія танкі раз'язджаюць па гарадах, мядзведзі шпацыруюць з балалайкамі, а архітэктура, як пры Брэжневе. Праўда, па чыёй віне з зямлі была сцёртая наша старажытная архітэктура, у гэтай самай прэсе згадваць не прынята.













