Вялікая гутарка з Уладзімірам Варанковым на яго малой радзіме

14 октября 2018

Беларусь - глабальная фабрыка па вытворчасці кіслароду. Вядома, прыгожая метафара, з якой не паспрачаешся, нават калі разумець выраз у прамым яго сэнсе. Адразу ўспамінаеш, як лёгка і добра дыхаецца менавіта ў глыбінцы, далей ад мегаполісаў.

І зараз мы з першых вуснаў даведаемся, як часам хочацца пакінуць вялікую нью-ёркскую штаб-кватэру і адправіцца якраз на сваю малую радзіму. Як мы абяцалі, зараз матэрыял пра тое, як вялікі дыпламат на дзень стаў хлапчуком, вярнуўшыся на дзесяцігоддзі назад туды, дзе праходзіла дзяцінства.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці намеснік Генеральнага сакратара ААН Уладзімір Варанкоў атрымаў добрую параду: наведаць тыя месцы, якія для яго і нашага Прэзідэнта агульныя, з дзяцінства. Малую сваю радзіму.

І прыехаўшы ў вёску Ржаўцы ў Шклоўскім раёне, стаў на дзень трохі іншым. Як прызнаўся "Галоўнаму эфіру", атрымаў зарад сілы і энергіі. Наша калега Вікторыя Сянкевіч размаўляла з дыпламатам і прызналася, што настрой гутаркі, а гаварылі пра глабальныя пагрозы і ролю такіх краін, як Беларусь, у нашай агульнай справе - барацьбе з тэрарызмам, трафікінгам і кіберзлачыннасцю, задавала само месца.

На беразе Дняпра Уладзімір Іванавіч час ад часу ўспамінаў, як яно было тады, каго бачыў з родных, што памянялася. І чаму насамрэч важная наша агульная місія - захаванне міру. Сфакусаваўшы погляд на родным, разумееш, як важна гэта роднае зберагчы.

Для прыняцця рашэнняў важная атмасфера, правільнае месца. У Беларусі ў Мінску такое месца ёсць. Палац Незалежнасці. З аднаго боку, дзяржаўны статус гэтага будынка надае словам, якія гучаць у гэтых сценах, вагу асаблівую. Выказанае тут не падфарбуеш легкаважнымі ацэнкамі, каментарыем з боку. Гэта адразу кладзецца ў гісторыю. З іншага, у свеце мінская пляцоўка - гэта першым чынам гэтыя інтэр'еры. У якіх у лютым 2015 з лёгкай рукі беларускага кіраўніцтва атрымалася сабраць усе бакі, зацікаўленыя ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту. Зацікаўленыя ў тым, каб ля нашых меж, у сэрцы Еўропы, не палаў пажар, не ішоў адлік на жыцці. Так, час, гісторыя пазней разважылі, чаго вартыя асобныя палітыкі, але гэта ўжо праблема асобы, якой ці звыклага смаку французскай кухні тады не хапіла, ці вагі ў цяперашняй новай рэальнасці. Гэта да нашай мінскай гісторыі дачынення не мае зусім. А бясспрэчна вось што: калі ўжо і гучаць тут словы, калі ціснуць рукі адно аднаму, гэта дарагога каштуе. Залы для сустрэч, перамоў бачылі шмат важкіх гасцей. На гэтым тыдні Кіраўнік дзяржавы тут гутарыў з экс-прэзідэнтам Украіны, Генеральным сакратаром АБСЕ, паслом Расіі ў Беларусі. Але ёсць асаблівыя людзі. І тыя з нас, хто сочыць за інтанацыямі, паўтонамі гутаркі не першы год, ведаюць па карцінцы ў навінах: гэты госць Палаца Незалежнасці - наш чалавек. Гэта калі наш Прэзідэнт запрашае прайсці ў рабочы кабінет. Тут крыху цяплей вочы і тэмы. Так і ў гутарцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам генсака ААН Уладзімірам Варанковым, апроч глабальных, па статусе дакладных пытанняў (бяспекі сусветнай, выклікаў лічбавай эпохі), знаходзіцца месца тэме, якая блізкая гэтым двум сусветнага маштабу палітыкам і кожнаму з нас.

Для кожнага з нас на сваім месцы, для кожнага з дыпламатаў на глабальным узроўні, упэўненая, слова "Радзіма" ўсёабдымнае, але вельмі пэўнае. Там, дзе нарадзіліся, правялі дзяцінства, сталелі, біліся хлапчукамі і тапталі дарогі басанож. Нашы мястэчкі, вёсачкі, нашы малыя радзімы. Уладзімір Варанкоў і Аляксандр Лукашэнка - землякі. Малая радзіма - Шклоўшчына. І фактычна абодва ў дзяцінстве дыхалі адным паветрам, на адной ноце хваліліся перад таварышамі ўловам з Дняпра, ганарыліся, паспеўшы з бацькам скасіць траву па ранішняй расе і сабраць бульбачку, што ўрадзіла ў добры год. Вельмі простыя рэчы, якія, па сутнасці, становяцца падмуркам карціны свету. Закладваюць характар, павагу да працы (сваёй і іншых), стаўленне да сваёй зямлі, да блізкіх. Наогул, да сваіх. Мы расцем, сталеем, і паняцце гэта - "свае" - таксама шырыцца. Гэта ўжо родны горад, край, краіна і сусветная супольнасць. Не страціць тыя зерні справядлівасці, сумленнасці, што закладвалі ў нас бацькі, сям'я, якраз і атрымліваецца таму, хто не адарваўся ад сваёй малой радзімы. Такія ставяць задачу: як сваёй радзіме дапамагчы, дадаць у эканоміцы, захаваць мір. У сябе, у суседзяў, ды і шырэй - на планеце. Бо пагрозы цяперашнія не прызнаюць ні адлегласцяў, ні меж. Уладзімір Варанкоў прыехаў у Мінск і на канферэнцыю пад эгідай АБСЕ "Процідзеянне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху". І вось - другі чалавек у ААН (задумайцеся ўсе, хто не знайшоў дзень, каб з'ездзіць да бацькоў або наведаць роднае мястэчка) Уладзімір Іванавіч у сваім шчыльным графіку бярэ водпуск на адзін дзень. Спецыяльна. Каб паехаць па парадзе нашага Прэзідэнта на Шклоўшчыну, у тыя месцы, дзе правёў дзяцінства, дзе жыў яго бацька. У вёску Ржаўцы. Мы былі побач. 

Ну, а зараз ад малога на глабальны ўзровень. У цяперашнім свеце, калі ўсё знаходзіць агульныя рысы: і тэхналогіі, і палітыка, і нават чалавечыя адносіны, - наколькі важна захаваць унікальныя рысы нашых малых куткоў. І ці могуць сёння ў такім вялікім свеце малыя, нават сярэднія краіны іграць вялікую ролю? Чым, напрыклад, непасрэдна мы, беларусы, важныя свету? "Галоўны эфір" спытаў у вялікага дыпламата, які рос у беларускім мястэчку.