Біблія Францыска Скарыны - вечная кніга

6 августа 2017

Грыгарыянскі харал 16 галасамі беларускіх ваенных. Гучыць самая арыгінальная рэч у рэпертуары Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл. Гімн Скарыне. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання людзі ў пагонах распісаліся ў павазе да ўсенароднага сімвала, яшчэ раз падкрэсліўшы: Францыск з Полацка – сапраўдны наш нацыянальны герой.

Словы, як сказалі б сёння «белы верш». Але так казаў Скарына! Не толькі філосаф, доктар, першадрукар, а цяпер, як аказалася, яшчэ і паэт! Музыка Алега Чыркуна. Мінчанін паклаў на ноты старабеларускі варыянт тэкста, хаця перакладаў у таго дзясяткі!

Ад выстаў і чытанняў да выпуску кашуль і посуду з брэндам «Скарына». 20 тамоў факсіміле. Серыя манет ад Нацбанка. Гэта ўсё – прысвячэнні. Сёлета агульнае ўсходнееўрапейскае свята.

У родны горад Францыска - Полацк - з'ехаліся сотні навукоўцаў.

Дзякуючы дакументальным даследаванням, вымалёўваецца новы партрэт Скарыны. Ад друкарскага стылю да знешняга выгляду. І першая сенсацыя з Чэхіі. Аказваецца, усе крыніцы - ад падручнікаў да Інтэрнэта - няправільна трактуюць прозвішча першадрукара. Толькі ў адзіным прыкладзе – у рускай Бібліі - Францыск называе сябе Скарынай. У астатніх - ён Скарыныч ці Скорын.

Паводле традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, матэрыяльную спадчыну бацька Скарыны пакінуў старэйшаму сыну, а малодшаму Францыску даў адукацыю. Асновы кірылічнага і лацінскага пісьма спасціг у родным Полацку. Потым – Кракаў і Падуя.

6 жніўня 1517 года. Чэхія. «Псалтыр». Гэта першы яго друкарскі вопыт і першы тыраж - за 2 тысячы экзэмпляраў!

Названы адрас той самай друкарні, дзе Скарына выдаў сваю першакнігу! Псалтыр убачыў свет паміж вуліцамі Старамястка і Свабодава ў Празе, зараз – гэта парк, які прылягае да старагарадской плошчы насупраць Старамікольскай царквы. Вядома, самога будынка друкарні не захавалася – ён прастаяў да 1831 года, але суполка сучасных чэшскіх навукоўцаў і мастакоў зрабіла ілюстрацыі аб'екта і нават прапануе макет. Дакладна вядома імя ўладальніка друкарні (Скарына арандаваў у ёй месца). Гаспадар - уплывовы пражскі патрыцый і чыноўнік-магістрат купец Севярын.

Бібліятэка Акадэміі навук Беларусі захоўвае не скарынаўскі, але важны ў яго біяграфіі рарытэт. «Нюрнбергская хроніка». Будучы навучэнцам Кракаўскай акадэміі, Францыск Скарына захапіўся штудзіраваннем гэтай кнігі. Менавіта адсюль Францыск пераняў дэкор і ксілаграфію, нехарактэрныя для славян.

Поўня і Сонца, як самыя пазнавальныя элементы партрэта Скарыны. Да нядаўняга часу лічылася, што гэта адзіная выява першадрукара. Сёння нам паказваюць на яшчэ адну старонку Бібліі: вось малады чалавек у вобразе апостала Іаана стаіць на каленях перад Богам. Скарына ў Евангелічным вобразе. І яшчэ больш уражвае – навукоўца Пётр Войт сцвярджае - Скарына не насіў вусы!

Пасля вяртання з Вільні ў Прагу ён адыдзе ад друкарства і звернецца да працы на зямлі! Нават больш чым за кнігі чэхі ўдзячныя Скарыне за Каралеўскі сад - найстаражытнейшае ўпрыгажэнне Прагі. Дарэчы, у сённяшняй Чэхіі прозвішча Скарына распаўсюджана, але знаўцы раяць шукаць нашчадкаў пад прозвішчам Рус.

Адной з галоўных таямніц застаецца пытанне, дзе пахаваны першадрукар. Ен памёр прыблізна ў 60 гадоў. Пры жыцці не быў праслаўлены - звычайны чалавек.

Але застаўся ў стагоддзях. Асветнік, філосаф, доктар, батанік, друкар і цяпер, відавочна, кансалідатар еўрапейскай прасторы.