Беларускія ідэі на Урале

1 марта 2015

Сёлета за кошт знешняга гандлю наша краіна плануе зарабіць амаль пяцьдзясят тры мільярды долараў. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе надавацца не толькі разгрузцы складоў, пошуку новых рынкаў збыту, але і экспарту турыстычных паслуг.

Вопыт мінулага года, асабліва падчас чэмпіянату свету па хакеі паказвае, што рост можа быць цалкам рэальны. Прычым як за кошт санаторна-курортнага лячэння і ўласна тураў па Беларусі, так і за кошт продажаў інтэлектуальнай уласнасці. Ганна Рублёва пабывала ў Свярдлоўскай вобласці і даведалася, якія беларускія ідэі будуць запатрабаваныя на Урале.

Свярдлоўская вобласць. Сталіца - Екацярынбург, прамысловы цэнтр - Ніжні Тагіл. Лес, метал, самацветы - вось аснова развіцця эканомікі рэгіёна.

У Ніжнім Тагіле гавораць, што з мясцовага металу быў зроблены першы ў Расіі паравоз і кожны трэці танк Т-34. Сучасны горад не здае сваіх прамысловых пазіцый. Хіба што здабыча малахіту не вядзецца тут ужо з канца 80-х.

Па сутнасці, аднаўляльнай крыніцай з'яўляецца толькі лес, а значыць, на Урале ўпершыню за некалькі стагоддзяў прыходзіцца прымаць рашэнне: што яшчэ неабходна зрабіць для развіцця рэгіёна? Укладваць вырашылі ў турызм: гарналыжныя комплексы, аграсектар і спартыўныя цэнтры. Перавага Беларусі - не толькі ў шматгадовым стажы і будаўніцтве інфраструктуры, але яшчэ і арганізацыі фестываляў і сусветных форумаў - дзіцячага "Еўрабачання" і чэмпіянату свету па хакеі.

Прапанова асабліва актуальная з улікам таго, што 70% экспарту турыстычных паслуг прыпадае менавіта на Расію.

Паводле звестак Міністэрства спорту і турызму, летась наша краіна зарабіла ў гэтым сектары дзвесце трыццаць шэсць мільёнаў долараў. Гэта амаль на 9% больш у параўнанні з 2013. Сёлета планку паднялі амаль у два разы - экспарт турыстычных паслуг павінен дасягнуць чатырохсот васьмідзесяці мільёнаў.

Відавочна, што такі рост цяжкі пры наяўнай інфраструктуры і попыце на падарожжы, які зніжаецца. Але тураператары, падобна, знайшлі нестандартнае рашэнне. Гэта распрацоўка турпакетаў для рэгіёнаў Расіі. Да прыкладу, у Свярдлоўскай вобласці ёсць патэнцыял для спартыўнага, прамысловага і аграрнага турызму. Але гатовых квэстаў або падарожжаў не хапае.

Агратурызму ў Беларусі як сфарміраванай турыстычнай сферы больш за 10 гадоў. Ва ўральскіх вёсках толькі пачынаюць прымаць гасцей. Туды можна дабрацца праз лясы па вузкакалейцы. І тут беларусам таксама ёсць што сказаць. Не важна, гутарка пра сельскі або дзелавы турызм.

Дарэчы, менавіта культурныя сувязі паміж нашай краінай і Уралам самыя трывалыя. Уладзімір Мулявін, які нарадзіўся ў Свярдлоўску, сваё жыццё звязаў з Беларуссю. Наталля Гайда некалькі гадоў выступала на сцэне Свярдлоўскага тэатра оперы і балета, а зараз - прымадона беларускай аперэты.

А на такой глебе значна прасцей грунтаваць эканамічныя адносіны. Урал - мяжа паміж Еўропай і Азіяй. А гэта падвойная адказнасць для беларусаў - зарабіць рэпутацыю на абедзвюх частках свету.