Беларусь выбрала самую прыгожую дзяўчыну краіны

6 мая 2018

Гэта, мабыць, адна з самых выдатных традыцый суверэннай Беларусі. Краіна выбрала самую прыгожую дзяўчыну.

У пятніцу адбыўся фінал нацыянальнага конкурсу "Міс-Беларусь - 2018". Пераможцам стала Марыя Васілевіч з Мінска. Уладальніцы ганаровага тытула 20 гадоў, яна студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Марыя свабодна валодае беларускай мовай і нават мае вопыт пілатавання самалёта. Галаву пераможцы ўвянчала карона, выкананая з белага золата і абсыпаная паўтысячай фіянітаў і тапазаў.

Першай віцэ-міс стала Маргарыта Мартынава са Слоніма, другая віцэ-міс мінчанка Анастасія Лаўрынчук. Усяго ж за карону вялі барацьбу 30 прэтэндэнтак. Разам з тытулам пераможца Марыя Васілевіч атрымала буйны грашовы прыз, недарожнік Geely Atlas і права прадстаўляць нашу краіну на конкурсе "Міс Міру", а таксама ўдзельнічаць у культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. На фінал конкурсу ў Палац спорту прыйшлі каля трох з паловай тысяч чалавек. Асаблівасць шоу гэтага года ў тым, што яно праходзіла ў Год малой радзімы. Лейтматыў - нацыянальны каларыт, тэмы беларускай мовы, культуры і гісторыі. Беларускую прыгажуню краіна выбірае ўжо 11-ы раз. Конкурс праводзіцца з 98-га года па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. І Прэзідэнт традыцыйна прысутнічае сярод гледачоў, бо праект агульнанацыянальны. І гэта заканамерна: прыгажосць беларускай жанчыны, яе грацыю, пяшчоту, працавітасць шануюць ва ўсім свеце. І гэты вобраз - частка іміджу Беларусі.