Беларусь у рэйтынгах

1 января 2017

Візіты шматлікіх замежных партнёраў - гэта магчымасць як бы зірнуць на ўласную краіну з боку. Усё-такі адна справа, калі, напрыклад, беларускі трактар хваліць дырэктар МТЗ, і зусім іншая, калі тыя ж словы гучаць з вуснаў якога-небудзь бізнэсмена з далёкага Пакістана.

Бадай, адзін з найважнейшых і важкіх - рэйтынг краін, спрыяльных для мацярынства. Беларусь у топ-25. Лепшы вынік у СНД. Такія звесткі  міжнароднай арганізацыі Save the Children.

На выніковую пазіцыю кожнай са 179-ці краін уплываюць пяць паказчыкаў: мацярынскае здароўе, дзіцячая смяротнасць, адукацыя, эканамічны дабрабыт у дзяржаве і ўдзел жанчын у палітычным жыцці.

 

Яшчэ адна прыемная пазіцыя ў сусветным рэйтынгу - Беларусь 50-я ў свеце па індэксе чалавечага развіцця. Рэйтынг складала ААН. Згодна са звестакамі даклада, Беларусь узначальвае спіс краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Гэта таксама лепшы паказчык сярод краін СНД - з намі 50-ы радок падзяляе і Расія. Узначальваюць топ краін па індэксе чалавечага развіцця Нарвегія, Аўстралія і Швейцарыя.

Пры разліку індэксу ўлічваецца чаканая працягласць жыцця, пісьменнасць, адукацыя і ўзровень жыцця для краін ва ўсім свеце.

 

Яшчэ адна прыемная навіна адыходзячага года - у рэйтынгу Doing Business мы на 37-м радку са 190 краін. Даследаванне праводзіў Сусветны банк. За год нам удалося падняцца ў топе "Вядзенне бізнесу" на сем пазіцый.

 

Кожны трэці жыхар Еўропы і Цэнтральнай Азіі лічыць карупцыю адной з галоўных праблем сваёй краіны.  Да такой высновы прыйшла міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй Transparency International. У першую чаргу, гэта датычыцца Украіны, Малдовы, Іспаніі і Косава. Па выніках апытання, у гэтых краінах найбольшая колькасць рэспандэнтаў назвалі карупцыю адной з асноўных праблем. І гэта як раз той рэйтынг, дзе больш прыемна апынуцца ў хвасце. У фінале гэтага спісу Беларусь, Грузія, Швейцарыя, Швецыя і Германія. Толькі 14% беларусаў лічаць карупцыю праблемай.

 

Яшчэ адзін цікавы радок. Беларусь займае 31-е месца па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Аб гэтым гаворыцца ў справаздачы, якую штогод публікуе  Міжнародны саюз электрасувязі. Усяго ў спісе 175 дзяржаў. Беларусі - адзінай у СНД - удалося палепшыць свой леташні паказчык. На першым радку размясцілася Паўднёвая Карэя, другое месца ў Ісландыі, замыкае тройку лідараў Данія. Мы апярэдзілі краіны Прыбалтыкі, Расія адстае ад нас на 12 пунктаў, Польшча і Украіна ў рэйтынгу далёка ззаду.

 

Немагчыма абмінуць і тэму спорту. Мінск прызнаны адным з самых спартыўных гарадоў на планеце. Мы ў топ-20 з 610-ці мегаполісаў свету.  Мінск заняў 19-ю пазіцыю. Прычым, у параўнанні з мінулым годам наша сталіца ўзляцела ў топе адразу на 32 пункты. Пры складанні гэтага рэйтынгу ўлічваюць колькасць спартыўных падзей - у нас штогод праводзяцца каля 80-ці міжнародных спаборніцтваў. Акрамя таго, Мінск адзначылі за паспяховае правядзенне чэмпіянатаў свету па хакеі, фігурным катанні, футзале, мастацкай гімнастыцы.

 

Зразумела, што маштабныя спартыўныя форумы - гэта яшчэ адзін плюс да турыстычнай прывабнасці краіны. Аднак, як ўдалося  высветліць падчас галасаванняў National Geographic, больш за ўсё турысты цэняць нас за аўтэнтычны адпачынак.

 

Беларусь на першым месцы ў намінацыі "Лепшая краіна для агратурызму". Рэспандэнты аддалі нам 24% галасоў. На другім месцы леташні лідар - Італія, трэцяя пазіцыя ў Францыі.  Акрамя таго, Беларусь увайшла і ў топ-5 краін для аздараўленчага адпачынку. І такія рэйтынгі яшчэ раз пацвярджаюць: беларуская гасціннасць працуе!