Беларусь у чаканні святкавання Дня Незалежнасці

1 июля 2018

Уся краіна зараз у прадчуванні Дня Незалежнасці. І гэта цяжка не заўважыць. У рэжысёраў, дызайнераў, артыстаў зараз вельмі актыўная пара. Толькі ў сталіцы больш за сто арт-установак, білбордаў, тысяча жывых кветкавых кампазіцый ужо ўпрыгожылі ўсе раёны горада.

Да Дня Незалежнасці мастакі распрацавалі новыя святочныя сюжэты. Акцэнт на прыродных матывах - у дэкоры залатыя каласы, васількі. Пастаноўка "Мой родны кут" следам за парадам войскаў Мінскага гарнізона дасць старт урачыстасцям у самым сэрцы сталіцы, ля стэлы "Мінск - горад-герой".

У рэжыме нон-стоп пройдуць гулянні ва ўсіх раёнах сталіцы. Ля Палаца спорту разгорнецца горад майстроў, артысты пакажуць свае песенныя і танцавальныя нумары, тут жа адбудзецца турнір па сілавым экстрыме. У парку 900-годдзя Мінска запланаваны дзіцячы велаквест. Ля "Чыжоўка-Арэны" - вулічныя гонкі, моладзевая дыскатэка і перформансы. Усяго запланавана больш за тры дзясяткі мерапрыемстваў. Кульмінацыяй стане гала-канцэрт ля стэлы.

За гадзіну да паўночы ў Мінску трыццаць залпаў салюту накіруюцца ў мірнае неба. Вядома, яркія залпы ў гэты дзень мы ўбачым над усёй краінай.