Беларусь прыняла Кодэкс аб культуры

1 января 2017

Летась упершыню за гісторыю існавання дзвюх найбуйнейшых хрысціянскіх рэлігій - праваслаўя і каталіцызму - кіраўнікі гэтых канфесій правялі перамовы. Сустрэча Патрыярха Кірыла і Папы Рымскага Францыска прайшла на Кубе.

У гэтым сэнсе Беларусь можа паслужыць прыкладам міжканфесійнага дыялогу. Менавіта на нашай зямлі ў роўнай ступені і на роўных правах жывуць, служаць і моляцца хрысціяне розных канфесій. І не толькі хрысціяне - вернікі ўсіх рэлігій. У нас як ні ў адной краіне свету дзяржаўнымі святамі з'яўляецца і каталіцкае, і праваслаўнае Раство. Дзвюма канфесіямі звязаны цэлыя сем'і. За адным сталом адной сям'і адзначаюцца Вялікадні - і праваслаўнае, і каталіцкае.

А зазірніце ў музейныя залы. У аўтэнтычнай беларускай іканаграфіі цесна пераплеценыя і візантыйскія, і заходнееўрапейскія каноны. Абразы, напісаныя на землях сучаснай Беларусі, па сутнасці з'яўляюцца феноменам сусветнага іканапісу. Нацыянальныя помнікі царкоўнага мастацтва ўпершыню выстаўлялі ў Ватыкане. Побач са знакамітай Сіксцінскай капэлай. Выстава беларускіх абразоў стала адным з ключавых момантаў мінулага Года культуры.

Упершыню ў гісторыі і першымі на постсавецкай прасторы Беларусь прыняла Кодэкс аб культуры. Генетычная памяць народа, формула ДНК нашай нацыянальнай ментальнасці. Да Года культуры Беларусь падышла з ужо адрэстаўраванымі замкамі і палацамі, адноўленым крыжом Ефрасінні Полацкай, адроджанымі слуцкімі паясамі. Гэта нішто іншае як момант нашай самасвядомасці.

А яшчэ менавіта ў 2016-м мы амаль ва ўнісон напявалі радкі з вершаў  Багдановіча. Напявалі нават не толькі дзякуючы "Пяснярам" і Мулявіну  "і тчэ забыўшыся рука замест пярсідскага ўзору цвяток радзімы васілька".  Што гэта як не мелодыя нашай ментальнасці? Багдановіч яе ўлавіў і таму вялікі нават праз стагоддзе. Юбілей класіка стаў знакавым у мінулым годзе і вызначальным  для аб'яўлення 2016-га менавіта Годам культуры.

Максім Багдановіч - адзін са стваральнікаў нацыянальнай літаратуры. Пяцігадовым дзіцем яго павезлі ў Расію. Ён не чуў роднай мовы, але менавіта беларуская стала мовай, на якой класік апеў веліч роднай краіны. Імя Багдановіча ў каляндарным спісе ЮНЕСКА. Да 125-годдзя песняра ў Беларусь прывезлі зямлю з магілы паэта. Духоўныя  асобы  спецыяльна  ездзілі ў Ялту, дзе пахаваны класік, каб у Мінску - горадзе, дзе ён нарадзіўся, правесці цырымонію вяртання. У адну з ніш крыпты нацыянальнага пантэона -  храма-помніка Усіх святых - змясцілі сасуд з зямлёй.