Беларусь прыме чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў

1 февраля 2015

Ужо некалькі тыдняў мы сочым за стартамі нашых страляючых лыжнікаў. Этап Кубка свету ў італьянскім Антхольцы стаў залатым для Беларусі. Дар'я Домрачава двойчы ўзнімалася на першую прыступку п'едэстала.

Беларусь прыме чэмпіянат свету сярод юніёраў. Наш карэспандэнт Кацярына Забаўская запэўнівае: гэтым вясновым лютым снег будзе. Яна паспела параўнаць падрыхтоўку Раубіч з трасамі Антхольца.

Большая частка біятлоннага сезона ў мінулым. 25 студзеня завяршыўся шосты этап Кубка свету ў італьянскім Антхольцы, які прынёс беларускай камандзе два залатыя медалі. Усе яны заваяваныя Домрачавай. Лідар нашай зборнай адзначыла, што перад стартам новых спаборніцтваў важны правільны настрой.

Асаблівая сімпатыя да Домрачавай на італьяна-нямецкай зямлі бачная простым вокам. Толькі да яе адной перад спрынтарскім стартам арганізатары спаборніцтваў звярнуліся на рускай мове.

10 дакладных выстралаў забяспечылі прыме біятлона фору ў 27 секунд перад найбліжэйшай саперніцай Кайсай Макарайнен. Дыстанцыю 7,5 км беларуска пераадолела за рэкордныя 19 хвілін 57 секунд. Так хутка прамчацца па трасе не ўдавалася раней нікому! Яшчэ адзін феномен Домрачавай: яна адзіная біятланістка ў гісторыі, якая перасекла фінішную рысу першай у спрынце і ўтрымала лідарскую пазіцыю.

У гонцы праследавання беларускай спартсменцы таксама не было роўных. Яна фінішавала з каласальнай перавагай у 1 хвіліну 21 секунду.

Дар'я Домрачава чарговы раз робіць гэта і прыносіць перамогу зборнай Беларусі, адстраляўшы чатыры агнявыя рубяжы ўсяго толькі з адным промахам. Малайчына, Даша! Ура!

Дзякуючы дзвюм удалым гонкам абаяльная спартсменка скараціла адставанне ад Кайсы Макарайнен у агульным заліку Кубка свету да 40 ачкоў. На радасць беларускіх фанатаў інтрыгі і драматычнай развязкі ў Антхольцы не здарылася. У чарговай вікторыі Домрачавай мала хто сумняваўся, хаця сама спартсменка ніякіх прагнозаў не рабіла.

Дарэчы, сваёй 25-й перамогай у пасьюце беларуска паставіла чарговы асабісты рэкорд. Яна перасягнула Магдалену Нойнер і Туру Бергер па агульнай колькасці подыумаў. Зараз у Дар'і 64 траплянні ў тройку лепшых, у той час як былыя саперніцы спыніліся на 63-х. Наступны арыенцір - дасягненні Каці Вільхельм з 68 подыумамі. Цяжка прадказаць развіццё падзей напрыканцы сезона, аднак дарога Дар'і толькі ўверх - да новых перамог і рэкордаў. 6 лютага біятлонныя бітвы прадоўжацца ў чэшскім Нове Месца, затым перанясуцца ў нарвежскі Холменколен, пік сезона прыпадзе на фінскі Кантыялахці, а заключны этап пройдзе ў расійскім Ханты-Мансійску. Тым часам Беларусь завяршае апошнюю падрыхтоўку да не менш значнай біятлоннай падзеі - чэмпіянату свету сярод юніёраў. Галоўнай спартовай пляцоўкай у перыяд з 17 па 24 лютага стане рэспубліканскі цэнтр "Раўбічы".

Аляксандр Гагіеў, першы намеснік Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь: "Сёння да чэмпіянату ідзе планавая падрыхтоўка. Усе пытанні адпрацаваныя. Незалежна нават ад умоў надвор'я, хаця за іх мы больш за ўсё турбуемся, я думаю, што чэмпіянат пройдзе. Удзельнікаў заявілася каля 600 чалавек, 42 краіны мы чакаем. Усё для правядзення чэмпіянату гатова".

Сапраўды, люты ў Беларусі выдаўся нечакана цёплым, таму арганізатары спаборніцтваў вырашылі дадаткова перастрахавацца, каб снежнае пакрыццё трасы адпавядала ўсім стандартам.

Спаборніцтвы ў абноўленым спартыўным цэнтры пройдуць сярод юнакоў і дзяўчат да 19 гадоў, а таксама юніёраў і юніёрак да 21 года. Усяго будзе разыграна 16 камплектаў медалёў. Чакаецца, што стадыён наведаюць да 4 тысяч гледачоў у будныя дні, а ў выхадныя іх колькасць узрасце да 10 тысяч.