Беларусь развіталася з народным артыстам Генадзем Гарбукам

11 февраля 2018

Сумная падзея гэтага тыдня. Беларусь развіталася з народным артыстам Генадзем Гарбукам. Ён пайшоў ва ўзросце 83 гадоў. І да апошніх дзён заставаўся адданым сцэне Купалаўскага тэатра, якому служыў амаль 56 сезонаў.

Яго кар'ера на галоўнай драматычнай сцэне краіны пачыналася з масоўкі ў легендарнай "Паўлінцы" ў 62-м годзе. Гарбуку пад 30. Ён пакідае першыя пазіцыі ў віцебскім Тэатры імя Якуба Коласа і з нуля заваёўвае прызнанне публікі ў Мінску. Тады складана было паверыць, што праз некалькі гадоў ён стане лаўрэатам Дзяржпрэміі БССР. Медаль атрымае за нумарам 007.

З тых часоў у тэатры акцёра жартам стануць зваць беларускім Джэймсам Бондам. А лёсавызначальнымі для Генадзя Гарбука сталі "Людзі на балоце". Яны прайшлі праз усё яго жыццё - роля Васіля ў спектаклі і тэлепастаноўцы. І роля Чарнушкі ў фільме Пташука. За яе акцёр атрымлівае Дзяржпрэмію СССР.

Напэўна, сёння на постсавецкай прасторы не сустрэнеш чалавека, які б не ведаў Генадзя Гарбука. Безумоўна, усесаюзную славу прынеслі "Белыя Росы". Але былі яшчэ "Знак бяды", "Чорны замак Альшанскі" і дзясяткі іншых фільмаў. Пры гэтым ён увесь час выходзіў на сцэну Купалаўскага.